Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 49

Леў Мікалаевіч Талстой

Пабегла дзяўчынка дадому, расказала кожнаму, каго ні сустрэла, пра такое дзіва. Пайшлі ўсе на рэчку, але нікога не знайшлі. I рэчка прапала — ці то ў зямлю пайшла, ці то высахла.

А як вярнуліся дадому, бачаць — стаіць на парозе дзяўчына-краса.

— Я,— кажа,— памагаць вам прыйшла. Пірагі на вяселле пячы буду.

ЗамясіЛа яна цеста густа, зляпіла двух галубкоў і пасадзіла ў печ:

— Угадай, гаспадынька, што з гэтымі галубкамі будзе?

— А што будзе? З'ядзім іх — і ўсё тут.

— Не, не ўгадала.

Адчыніла дзяўчына печ, і вылецелі адтуль голуб з галубкай. Селі на акенцы і забуркавалі.

Кажа галубка галубку:

— Што ж ты, забыў, як была я авечкаю, а ты пастухом?

— Забыў, забыў.

— Што ж ты, забыў, як была я каплічкаю, а ты папом?

— Забыў, забыў.

— Што ж ты, забыў, як была я рэчкай, а ты акуньком?

— Забыў, Забыў.

— Кароткая ж у цябе памяць, галубок! Забыў ты мяне, як Іванка Васілісу Прамудрую.

Пачуў гэтыя словы Іванка і ўсё ўспомніў. Узяў ён Васілісу Прамудрую за рукі белыя і кажа бацьку з маці:

— Вось мая жонка верная. А другой мне не трэба.

— Ну, калі ёсць у цябе жонка, дык жывіце ў ладзе і згодзе!

Новай нявесце падарункаў надарылі і дадому адпусцілі.

А Іванка з Васілісай Прамудрай пачалі жыць-пажываць, дабра нажываць. Шмат вады з таго часу сплыло, а яны ўсё жывуць ды хлеб жуюць.

ФІНІСТ-ЯСНЫ СОКАЛ

Жыў ды быў селянін. Памерлі ў яго жонка, засталося тры дачкі. Хацеў стары ўзяць наймічку на гаспадарцы памагаць. Але меншая дачка Мар'ечка сказала:

— Не трэба, бацюхна, наймічку браць, я сама буду гаспадарыць.

Добра. Пачала Мар'ечка гаспадарыць. I ўсё-ўсё яна ўмее, усё-ўсё ў яе ладзіцца. Любіў бацька Мар'ечку: радаваўся, што такая

разумная ды працавітая дачка расце. Сама Мар'ечка прыгажуня пісаная. А сёстры яе зайздрослівыя ды прагавітыя, самі непрыгожыя, а модніцы-модніцы — цэлы дзень сядзяць ды пудрацца, ды румяняцца, ды ў абноўкі прыбіраюцца, сукенкі ім — не сукенкі, боцікі — не боцікі, хустка — не хустка.

Сабраўся бацька на кірмаш і пытаецца ў дачок:

— Што вам, дочкі, купіць, чым пацешыць?

Старэйшая і сярэдняя дочкі і кажуць:

— Купі па хусце, ды такой, каб кветкі чым большыя, золатам вышываныя.

А Мар'ечка стаіць ды маўчыць. Пытаецца ў яе бацька:

— А што табе, дачушка, купіць?

— Купі мне, бацюхна, пёрка Фініста — яснага сокала. Прыязджае бацька, прывозіць дочкам хусты, а пёрка не знайшоў.

Сабраўся бацька другі раз на кірмаш.

— Ну,— кажа,— дочкі, заказвайце падарункі. Зарадаваліся старэйшая і сярэдняя дочкі:

— Купі нам боцікі з сярэбранымі падкоўкамі.

А Мар'ечка зноў заказвае:

— Купі мне, бацюхна, пёрка Фініста — яснага сокала. Хадзіў бацька цэлы дзень, боцікі купіў, а пёрка не знайшоў. Прыехаў без пёрка.

Добра. Сабраўся стары трэці раз на кірмаш, а старэйшая і сярэдняя дочкі кажуць:

— Купі нам па сукенцы.

А Мар'ечка зноў просіць:

— Бацюхна, купі пёрка Фініста — яснага сокала. Хадзіў бацька цэлы дзень, а пёрка не знайшоў. Выехаў з горада, а насустрач старэнькі дзядок.