Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 45

Леў Мікалаевіч Талстой

Пакланіўся Іван бабе-язе, развітаўся з ёю і пайшоў па сцяжынцы. Доўга ці не, у непагадзь ці пры добрай пагодзе — дайшоў да дваіх варотаў. Адчыніліся перад ім вароты, і ўбачыў ён сад-вінаград, а ў садзе — красу Сажалку, а ў сажалцы шэрыя качачкі купаюцца. Па сказаным, як па пісаным!

Падкраўся Іванка і забраў тую сукенку, што збоку ляжала. Забраў і схаваўся за дрэва.

Выйшлі качачкі з вады, зрабіліся дзяўчатамі — адна за другую прыгажэйшыя. А малодшая, дванаццатая, за ўсіх прыгажэишая, за ўсіх харашэишая. Адзеліся адзінаццаць сясцёр і пайшлі сабе. А малодшая на беразе засталася, шукае сукенку сваю, плача — не можа знайсці. Вось і кажа яна:

— Адгукніся, абзавіся, хто маю сукенку ўзяў! Буду табе. дачкою пакорнаю!

Не абзываецца Іван.

— Буду табе сястрыцаю ласкаваю!

Маўчыць Іван.

— Буду табе жонкаю вернаю!

Тут выйшаў Іван з-за дрэва:

— Бяры сваю сукенку, красуня дзяўчына.

Узяла яна сукенку, а Іванку дала залаты пярсцёнак заручальны.

— Ну, скажы мне цяпер, добры малойца, як цябе па імені зваць і куды ты ідзеш.

— Бацькі Іванам называлі, а іду да цара марскога — гаспадара вадзянога.

— Дык вунь ты хто! Чаму ж гэтак доўга не прыходзіў? Бацюхна мой, гаспадар вадзяны, вельмі на цябе гневаецца. Ну, ідзі па гэтай дарозе — прывядзе яна цябе ў падводнае царства. Там і мяне знойдзеш. Я ж падводнага цара дачка — Васіліса Прамудрая.

Зрабілася яна зноў качачкай і паляцела ад Івана. А Іван пайшоў у падводнае царства.

Прыйшоў — глядзіць: і там свет гэтакі ж, як у нас, і там палі ды лугі, і гаі зялёныя, і сонейка грэе, і месячык свеціць.

Паклікалі яго да марскога цара. Закрычаў марскі цар:

— Чаму гэтак доўга не прыходзіў? Не за тваю віну, а за бацькаў грэх вось табе служба невялікая: ёсць у мяне пустка на трыццаць вёрст удоўж і ўпоперак: адны равы, яры ды каменне вострае. Каб да заўтра было там, як

далонь, гладка, і было жыта пасеяна, і вырасла за ноч так высока і густа, каб галка схавацца магла. Зробіш — узнагароджу, не зробіш — галава з плеч!

Зажурыўся Іванка, ідзе ад цара невясёлы, ніжэй плеч галаву звесіў.

Убачыла яго з церама высокага Васіліса і пытаецца:

— Чаго, Іванка, зажурыўся?

Адказвае ёй Іван:

— Як жа не журыцца! Загадаў мне твой бацюхна за адну ноч зараўняць равы, яры і каменне вострае, а пустку жытам засеяць, і каб да раніцы тое жыта вырасла і магла ў ім галка схавацца.