Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 43

Леў Мікалаевіч Талстой

— Ану,— кажа,— зірні, добры малойца, што ззаду творыцца і што наперадзе робіцца?

Паглядзеў паляўнічы і кажа:

— Ззаду вялікі пажар гарыць, наперадзе кветкі цвітуць.

— Гэта медны горад гарыць, а кветкі цвітуць у сярэбраным горадзе.

Апусціўся арол пасярод поля каля сярэбранага слупа і загадвае паляўнічаму ,надпіс чытаць. Прачытаў паляўнічы: «За гэтым слупам стаіць горад сярэбраны — на

пяцьдзесят вёрст удаўжкі і ўшыркі».

— Тут жыве мая сярэдняя сястра,— кажа арол.— Папрасі ў яе сярэбраны куфэрачак з сярэбранымі ключыкамі.

Пайшоў паляўнічы ў горад — проста да царыцы, арловай сястрыцы. Расказаў ён, як жыў у яго тры гады, тры месяцы і тры дні яе брат, нядужы, зранены, як яго паіў, карміў, глядзеў, каб ён здароўе набыў. I папрасіў за ўсё за гэта сярэбраны куфэрачак і сярэбраныя ключыкі.

— Не,— кажа царыца,— не той кавалак хапаеш: чаго добрага — падавішся. Бяры колькі хочаш золата, серабра, камянёў-самацветаў, а куфэрачак мой дорага каштуе.

Пайшоў паляўнічы з сярэбранага горада і расказаў арлу ўсё як ёсць.

Раззлаваўся арол, падхапіў паляўнічага на крылы шырокія і паляцеў з ім прэч.

Зноў ляцяць у паднябессі:

— Ану, добры малойца, што ззаду і што наперадзе?

— Ззаду пажар гарыць, наперадзе кветкі цвітуць.

— Гэта гарыць сярэбраны горад, а кветкі цвітуць у залатым.

Апусціўся арол пасярод поля, каля залатога слупа. Кажа паляўнічаму, каб надпіс чытаў.

Прачытаў паляўнічы: «За гэтым слупам залаты горад стаіць— на сто вёрст ушыркі і ўдаўжкі».

— Ідзі туды,— кажа арол.— У гэтым горадзе жыве мая меншая сястра. Папрасі ў яе залаты куфэрачак з залатымі ключыкамі.

Пайшоў паляўнічы проста да царыцы, арловай сястрыцы. Расказаў, што ведаў, і папрасіў залаты куфэрачак з залатымі ключыкамі. Паслухала яго царыца, падумала, галавою паківала.

— Дарагі мой куфэрачак,— кажа,— а брат даражэйшы.

Пайшла і прынесла паляўнічаму залаты куфэрачак

з залатымі ключыкамі.

Узяў паляўнічы дарагі падарунак, пакланіўся царыцы і выйшаў за гарадскія вароты.

Убачыў арол, што збавіцель яго не з пустымі рукамі ідзе, і кажа:

— Ну, браце, ідзі цяпер дадому, ды глядзі — не адмыкай куфэрачка, пакуль да свайго двара не дойдзеш.

Сказаў і паляцеў.

Пайшоў паляўнічы дадому. Доўга ці не — надышоў ён да сіняга мора. Захацелася яму адпачыць. Сеў ён на беражок, на жоўценькі пясок, а куфэрачак побач паставіў. Глядзеў на яго, глядзеў — не вытрываў і адамкнуў. Толькі адамкнуў — ні адсюль ні адтуль вырас перад ім залаты палац, ды такі прыгожы! З'явіліся слугі шматлікія: «Што трэба? Чаго пажадаеце?»

Паляўнічы наеўся, напіўся і спаць паваліўся.

Вось і раніца надышла. Трэба паляўнічаму далей ісці. Ды дзе там! Як палац сабраць ды зноў у куфэрачак схаваць? Думаў ён, думаў, нічога не прыдумаў. Сядзіць на беразе, бядуе. Раптам бачыць — падымаецца з вады чалавек: барада па пояс, валасы да пят. Стаў на вадзе і кажа:

— Чаго бядуеш, добры малойца?

— Як жа мне не бедаваць! — адказвае паляўнічы. Ніяк не дадумаюся, як мне вялізны палац ды ў маленькі куфэрачак сабраць?

— Дык я, бадай што, магу і ў тваёй бядзе памагу

вялізны палац у маленькі куфэрак збяру. Але толькі з умоваю: аддай мне тое, пра што ты ў сваім доме не ведаеш.