Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 42

Леў Мікалаевіч Талстой

Узвіўся арол за цёмныя хмары, разляцеўся-азагнаўся зверху ды як стукнецца грудзьмі ў дрэва. Раскалолася дрэва на чатыры часткі.

— Відаць, давядзецца табе, добры малойца, яшчэ год карміць мяне. Не набраўся я ранейшай сілы.

Вось мінула тры гады, тры месяцы і тры дні. Усе засекі апусцелі. Кажа арол паляўнічаму:

— Вязі мяне зноў на тое самае месца, да высокай. сасны.

Паслухаўся паляўнічы, прывёз арла да высокай сасны.

Узвіўся арол вышэй, чым раней, нібы пярун, грымнуў зверху ў самае вялікае дрэва — і разбіў яго на трэскі ад вяршаліны да кораня. Ажно ўвесь лес наўкол захістаўся.

— Дзякую табе, добры малойца! Цяпер вярнулася да мяне сіла ранейшая. Кідай ты каня ды садзіся на крылы мне. Панясу я цябе ў сваю родную старонку і расплачуся з табою за ўсё дабро.

Сеў паляўнічы арлу на крылы. Паляцеў арол на сіняе мора і падняўся высока-высока.

— Паглядзі,— кажа,— на сіняе мора: ці вялікае?

— З добрае кола,— адказвае паляўнічы.

Страпянуў арол крыламі і скінуў паляўнічага ўніз.

Даў яму зведаць смяртэльны страх і падхапіў, не дапусціў да вады.

Падхапіў і падняўся з ім яшчэ вышэй.

— Зірні цяпер на сіняе мора: ці вялікае?

— З курынае яйка,— адказвае паляўнічы.

Страпянуў арол крыламі і зноў скінуў паляўнічага

ўніз. Над самай вадой падхапіў яго і падняўся ўгору яшчэ куды вышэй.

— Ну, цяпер зірні на сіняе мора: ці вялікае?

— З макавае зернетка.

Трэці раз страпянуў арол крыламі і скінуў паляўнічага з паднябесся, ды зноў-такі не даў даляцець да вады, падхапіў на крылы і пытаецца:

— Што, добры малойца, спазнаў, які смяртэльны страх бывае?

— Спазнаў,— кажа паляўнічы.— Я ўжо думаў, канцы мне прыйшлі.

— Вось і я так думаў, калі ты ў мяне са стрэльбы цэліўся. Ну, цяпер мы з табой за нядобрае расквіталіся. Давай за дабро разлічвацца.

Паляцелі яны на бераг. Ляцелі нізка ці высока,

блізка ці далёка — аж бачаць: сярод поля медны слуп стаіць, быццам жар гарыць.

Апусціўся арол уніз.

— Ану, паляўнічы,— кажа ён,— чытай, што на слупе напісана.

Прачытаў паляўнічы: «За гэтым слупам медны горад ёсць — на дваццаць пяць вёрст удаўжкі і ўшыркі».

— Ідзі ў медны горад,— кажа арол.— Тут жыве сястра мая старэйшая. Пакланіся ёй і папрасі ў яе куфэрачак медны з меднымі ключыкамі. Ды нічога іншага не бяры — ні золата, ні серабра, ні камянёў-самацветаў.

Пайшоў паляўнічы ў медны горад, да царыцы Медзяніцы, арловай сястрыцы.

— Добры дзень, царыца! Брат паклон пасылае.

— Ды адкуль жа ты майго брата ведаеш?

— Так і так... Карміў я яго, хворага, зраненага, цэлыя тры гады, тры месяцы і тры дні.

— Дзякуй, добры чалавек. Вось табе золата, серабро, самацветы-камяні. Бяры колькі душа пажадае.

Нічога не бярэ паляўнічы, толькі просіць у царыцы медны куфэрачак з меднымі ключыкамі.

— Не, галубок! Не той бо? ды не на тую нагу надзяваеш. Дорага каштуе мой куфэрачак.

— А калі дорага, дык мне нічога не трэба.

Пакланіўся паляўнічы, выйшаў за гарадскія вароты

і расказаў арлу ўсё як ёсць.

Раззлаваўся арол, падхапіў паляўнічага і панёс-памчаў. Ляціць — шуміць у паднябессі.