Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 41

Леў Мікалаевіч Талстой

Ды здарылася неяк раз — знайшоў верабей макавае зернетка.

«Што тут дзяліць? — думае.— Дзеўбанеш разік — і няма нічога».

Узяў ды і з'еў адзін усё зернетка.

Дазналася пра гэта мыш і не захацела больш дружыць з вераб'ём.

— Давай, —крычыць, — давай, зладзюга-верабей, біцца не на жыццё, а на смерць! Ты збірай усіх птушак, а я збяру ўсіх звяроў.

Дня не мінула, а ўжо сабралася на паляне войска звярынае. Сабралася і войска птушынае. Распачаўся вялікі бой, і шмат жыўнасці загінула з абодвух бакоў.

Вунь які дужы звярыны народ! Каго кіпцюром драпане — глядзіш, і дух вон! Ды птушкі не надта паддаюцца, б'юць усё зверху. Той ці другі звер і стукнуў бы птушку, аблажыў яе — дык яна адразу ўгору ўзлятае. Паспрабуй дай ёй рады! Пазірай толькі ўслед.

У тым баі паранілі арла. Хацеў ён узняцца ў вышыню, ды сілы не хапіла. Толькі і змог узляцець на сасну высокую. Узляцеў і сеў на вяршаліне.

Скончыўся бой. Звяры па сваіх бярлогах і норах разбрыліся. Птушкі па гнёздах разляцеліся. А ён сядзіць на сасне, збіты, зранены, і думае, як бы гэта назад вярнуць сваю ранейшую сілу.

А на той час ішоў міма паляўнічы.

Цалюткі дзень хадзіў ён па лесе, ды нічога не выхадзіў.

«Эх,— думае,— відаць, давядзецца мне сёння вяртацца дадому з пустымі рукамі».

Зірк, аж бачыць — сядзіць на дрэве арол. Пачаў пад яго падыходзіць, стрэльбачку на яго наводзіць.

«Якая б там ні была, а ўсё ж здабыча»,— думае.

Толькі злажыўся, каб стрэліць, а арол кажа яму чалавечым голасам:

— Не бі мяне, добры чалавек' Заб'еш — мала будзе карысці. Лепей жывога мяне вазьмі ды пакармі тры гады, тры месяцы і тры дні. А я, як набяруся сілы ды адгадую крылы, дабром табе адплачу.

«Якога дабра ад арла чакаць?»—думае паляўнічы І прыцэліўся другі раз.

А паранены арол зноў просіць:

— Не бі мяне, добры чалавек! Калі-небудзь я табе спатрэблюся.

Не верыць паляўнічы і трэці раз стрэльбу падымае.

Трэці раз просіць яго арол:

— Не бі мяне, добры малойца, а вазьмі да сябе, раны мае загаі ды вылечы! Не зрабіў я табе нічога кепскага, а за дабро дабром адплачу.

Пашкадаваў паляўнічы арла, узяў яго і панёс дадому.

— Ну, добры чалавек,— кажа яму арол па дарозе,— цалюткі дзень хадзіў ты, ды нічога не выхадзіў. Бяры цяпер свой востры нож ды ідзі на паляну. Быў у нас там бой вялікі з розным звяр'ём, і шмат мы тых звяроў пабілі. Будзе і табе спажыва немалая.

Пайшоў паляўнічы на паляну — а там зверыны пабітай страх колькі. Куніц ды лісіц не злічыць.

Навастрыў ён нож на бруску, аблупіў шкуры са звяроў, завёз у горад і прадаў за добрыя грошы. На тыя грошы купіў хлеба ў запас і насыпаў з верхам тры засекі — на тры гады хопіць.

Мінае адзін год—апусцеў адзін засек. Кажа арол паляўнічаму, каб ён вёз яго на тое самае месца, дзе сасна высокая стаіць.

Асядлаў паляўнічы каня і прывёз арла на тое месца.

Узвіўся арол за хмары і з разлёту стукнуў грудзьмі ў дрэва — раскалолася дрэва напалам.

— Ну, паляўнічы,— кажа арол,— не набраўся я яшчэ ранейшай сілы. Кармі мяне і другі год.

Дзень за днём прабягае — другі год мінае. Апусцеў і другі засек. Зноў прывёз паляўнічы арла ў лес, да высокай сасны.