Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 40

Леў Мікалаевіч Талстой

— Ну,— кажа цар,— паедзем цяпер, шаноўны зяць, да цябе ў госці.

Кузьму няма чаго рабіць, трэба збірацца. Запрэглі коней і паехалі. А лісіца пабегла наперадзе. Бачыць — пастухі пасуць чараду авечак, яна ў іх пытаецца:

— Пастухі, пастухі! Чыю чараду пасяце?

— Змея Гарыныча.

— Гаварыце, што гэта чарада Кузьмы Скорабагатага, а то едуць цар Агонь і царыца Маланыца; калі не скажаце ім, што гэта чарада Кузьмы Скорабагатага, яны вас усіх з авечкамі спапяляць-спаляць.

Пастухі бачаць, што тут не жартачкі, і паабяцалі гаварыць пра Кузьму Скорабагатага, як лісіца навучыла.

А лісіца прыпусціла далей. Бачыць — другія пастухі пасуць кароў.

— Пастухі, пастухі! Чыю чараду пасяце?

— Змея Гарыныча.

— Гаварыце, што чарада гэтая Кузьмы Скорабагатага, а то едуць цар Агонь і царыца Маланыца: яны вас усіх з каровамі спапяляць-спаляць, калі будзеце ўспамінаць Змея Гарыныча!

Пастухі згадзіліся. Лісіца пабегла далей. Падбягае да табуна коней Змея Гарыныча, загадвае пастухам гаварыць, што гэты табун Кузьмы Скорабагатага:

— А то едуць цар Агонь ды царыца Маланыца: яны ўсіх вас з коньмі спапяляць-спаляць.

I гэтыя пастухі згадзіліся.

Лісіца бяжыць далей. Прыбягае да Змея Гарыныча проста ў белакаменны палац:

— Добры дзень, Змей Гарыныч!

— Што скажаш, лісічка?

— Ну, Змей Гарыныч, цяпер табе трэба як мага хутчэй хавацца. Едзе грозны цар Агонь ды царыца Маланыца, усё спапяляюць-паляць. Народы твае з пастухамі спапялілі-папалілі. Я хутчэй пабегла табе сказаць, што сама ледзь ад дыму не задыхнулася.

Змей Гарыныч зажурыўся:

— Ах, лісічка, куды ж мне падзецца?

— Ёсць у тваім садзе запаветны дуб, сярэдзіна ў ім уся выгніла; бяжы схавайся ў дубе, пакуль цар Агонь з царыцай Маланыцай міма не праедуць.

Змей Гарыныч ад страху схаваўся ў гэтае дупло, як лісіца навучыла.

Кузьма Скорабагаты едзе сабе ды едзе з царом ды з жонкай-царэўнай. Даязджаюць яны да чарады авечак. Царэўна пытаецца:

— Пастушкі, чыю чараду пасяце?

— Кузьмы Скорабагатага.

Цар гэтаму і рады:

— Ну, Шаноўны зяць, шмат жа ў цябе авечак!

Едуць далей, даязджаюць да чарады кароў.

— Пастушкі, чыю чараду пасяце?

— Кузьмы Скорабагатага.

— Ну, шаноўны зяць, шмат жа ў цябе кароў!

Едуць яны далей; пастухі коней пасуць.

— Чый табун?

— Кузьмы Скорабагатага.

— Ну, шаноўны зяцюхна, шмат жа ў цябе коней!

Вось прыехалі да палаца Змея Гарыныча.

Лісіца сустракае гасцей, нізка кланяецца, заводзіць іх у палац белакаменны, садзіць іх за сталы дубовыя, за абрусы ўзорыстыя.

Пачалі яны баляваць, піць-есці і весяліцца. Балююць дзень, балююць Другі, балююць яны тыдзень.

Лісіца і кажа Кузьму:

— Ну, Кузьма, досыць гуляць — трэба справу канчаць. Ідзі з царом у зялёны сад; у тым садзе стаіць стары дуб, а ў тым дубе сядзіць Змей Гарыныч, ён ад вас схаваўся. Расстраляй дуб на дробныя шматкі.

Кузьма пайшоў з царом у зялёны сад. Убачылі яны стары запаветны дуб, і пачалі яны ў той дуб страляць. Тут Змею Гарынычу і смерць прыйшла.

Кузьма Скорабагаты пачаў жыць-пажываць з жонкай-царэўнай у палацы белакаменным і лісічку кожны дзень частаваць курачкай.

КАЗКА ПРА ВАСІЛІСУ ПРАМУДРУЮ

Жылі-дружылі мыш з вераб'ём. Роўна трыццаць гадоў сябравалі: хто што ні знойдзе — усё папалам.