Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 38

Леў Мікалаевіч Талстой

Прыйшоў Іванка дадому — адна рука анучкай абкручана.

— Што гэта ў цябе такое? — пытаюцца ў Івана братавыя.

— Ат,— кажа,— шукаў грыбы, на сучок укалоўся.— I палез Іван на печ.

Прыйшлі браты, пачалі расказваць, што і як было.

А Іванку на печы захацелася на пярсцёнак паглядзець: як прыўзняў ён анучку, усю хату нібы агнём асвяціла.

— Кінь, дурань, з агнём забаўляцца! — крыкнулі на яго браты.— Яшчэ хату спаліш. Пара цябе, дурня, зусім з дому прагнаць.

Дні праз тры ідзе ад цара кліч, каб увесь народ, колькі ні ёсць у царстве, збіраўся да яго на банкет і каб ніхто не пасмеў дома заставацца, а хто царскім банкетам пагрэбуе — таму галаву з плеч.

Нічога тут не зробіш; пайшоў на банкет сам стары бацька з усёю сям'ёю.

Прыйшлі, за сталы дубовыя паселі; п'юць і ядуць, гамонку вядуць.

Пад канец банкету пачала царэўна мёдам са сваіх рук гасцей абносіць. Абышла ўсіх, падыходзіць да Іванкі апошняга; а на дурню ж адзенне беднае, увесь у сажы, валасы дыбам, адна рука бруднай анучкай завязана... проста жах.

— Чаму гэта ў цябе, малойца, рука абвязана? — пытаецца царэўна.— Ану развяжы.

Развязаў Іванка руку, а на пальцы пярсцёнак царэўны — так усіх і асвяціў.

Узяла тады царэўна дурня за руку, падвяла да бацькі і кажа:

— Вось, бацюхна, мой суджаны.

Абмылі слугі Іванку, прычасалі, прыбралі ў царскія ўборы, і зрабіўся ён такім малайцом, што бацька і браты глядзяць — і вачам сваім не вераць.

Згулялі вяселле царэўны з Іванкам і справілі банкет на ўвесь свет. Я там быў: мёд, піва піў; па вусах цякло, а ў рот не папала.

КУЗЬМА СКОРАБАГАТЫ

Жыў-пажываў Кузьма адзін-адзінюткі ў цёмным лесе. Hi скінуць, ні надзець у яго нічога не было, а каб падаслаць — дык і не заводзіў.

Вось паставіў ён пастку. Раніцай пайшоў паглядзець — трапіла лісіца.

— Ну, лісіцу цяпер прадам, грошы за яе вазьму, дык і жаніцца буду.

Лісіца яму кажа:

— Кузьма, адпусці мяне, я табе за гэта ўдружу, зраблю цябе Кузьмом Скорабагатым, толькі ты засмаж мне адну курачку з масліцам — чым тлусцей.

Кузьма згадзіўся. Засмажыў курачку. Лісіца наелася мяса, пабегла ў царскія запаведныя лугі і давай на тых запаведных лугах качацца.

— У-у-у! У цара была ў гасцях, што хацела — піла і ела; заўтра клікалі, зноў пайду.

Бяжыць воўк і пытаецца:

— Чаго, кума, качаешся, брэшаш?

— Як жа мне не качацца, не брахаць! У цара была ў гасцях, што хацела — піла і ела; заўтра клікаў, зноў пайду.

Воўк і просіць:

— Лісічка, можа, ты і мяне к цару на абед звадзіла б?

— Будзе цар дзеля аднаго цябе турбавацца! Збірайцеся вы — сорак ваўкоў, тады павяду вас у госці да цара.

Воўк пачаў па лесе бегаць, ваўкоў збіраць. Сабраў сорак ваўкоў, прывёў іх да лісы, і лісіца павяла іх да цара.

Прыйшлі да цара, лісіца забегла наперад і кажа:

— Цар, добры чалавек Кузьма Скорабагаты кланяецца табе сарака ваўкамі.