Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 36

Леў Мікалаевіч Талстой

Дзед пасадзіў бабіну дачку ў сані, павёз яе ў лес на тое ж самае месца, вываліў у гурбу пад высокай ялінай і паехаў дахаты.

Бабіна дачка сядзіць, зубамі ляскае.

А Марозка па лесе патрэсквае, з яліны на яліну пераскаквае, палусквае, на бабіну дачку паглядвае:

— Ці цёпла табе, дзеўчына?

А яна яму:

— Ой, холадна! Не скрыпі, не трашчы, Марозка...

Марозка пачаў ніжэй спускацца, мацней патрэскваць,

палускваць:

— Ці цёпла табе, дзеўчына? Ці цёпла табе, прыгожая?

— Ой, рукі, ногі адмерзлі! Ідзі прэч, Марозка...

Яшчэ ніжэй спусціўся Марозка, яшчэ мацней прыціснуў, затрашчаў, залускаў:

— Ці цёпла табе, дзеўчына? Ці цёпла табе, прыгожая?

— Ой, зусім застудзіў! Згінь, прападзі, пракляты Марозка!

Раззлаваўся Марозка ды так прыціснуў, што бабіна дачка зусім адубела.

Толькі днець пачало, баба пасылае дзеда:

— Запрагай хутчэй, стары пень, едзь па дачку, прывязі яе ў золаце-серабры...

Дзед паехаў. А сабачка пад стадом:

— Цяў, цяў! Дзедаву дачку жаніхі забяруць, а бабінай дачкі ў мяху костачкі вязуць.

Баба кінула яму пірог:

— Не так цяўкаеш! Скажы: «Бабіну дачку ў золаце-серабры вязуць...»

А сабачка—усё сваё:

— Цяў, цяў! Бабінай дачкі ў мяху костачкі вязуць.. Зарыпелі вароты, баба кінулася сустракаць дачку.

Посцілку падняла, а дачка ляжыць у санях мёртвая. Загаласіла баба, ды позна.

СІЎКА-БУРКА

Было ў старога бацькі тры сыны: два разумныя, а трэці Іванка дурны; дзень і ноч дурань на печы сядзеў.

Пасеяў бацька пшаніцу, і вырасла пшаніца добрая, ды панадзіўся хтосьці ўночы тую пшаніцу таптаць-дратаваць. Вось бацька і кажа дзецям:

— Любыя мае дзеткі, пільнуйце пшаніцу кожную ноч па чарзе, злавіце мне злодзея.

Надыходзіць першая ноч. Пайшоў старэйшы сын пшаніцу пільнаваць, ды захацелася яму спаць: залез ён на вышкі і праспаў на сене да раніцы. Прыходзіць раніцай дадому і кажа: усю ноч, маўляў, не спаў, ад холаду дрыжаў, а злодзея так і не бачыў.

На другую ноч пайшоў сярэдні сын і таксама ўсю ночку праспаў.

На трэцюю ноч прыходзіць чарга дурню ісці. Узяў ён аркан і пайшоў. Прыйшоў на мяжу і сеў на камень сядзіць — не спіць, злодзея чакае.

А самай апоўначы прыбег на пшаніцу разнамасны конь: адна шарсцінка залатая, другая сярэбраная; бяжыць — зямля дрыжыць, з вушэй дым валам валіць, з ноздраў полымя шугае.

I пачаў той конь пшаніцу есці: не так есць, як травіць, дратуе.

Падкраўся дурань цішком да каня ды і накінуў яму на шыю аркан. Ірвануўся конь з усяе сілы — ды дзе там. Дурань упёрся, аркан шыю цісне. I пачаў тут конь дурня прасіць-маліць:

— Адпусці ты мяне, Іванка, а я табе вялікую службу саслужу!

— Добра,— адказвае Іванка-дурань.— Ды як я цябе потым знайду?

— Выйдзі за ваколіцу,—кажа конь,—свісні тры разы і гукні: «Сіўка-бурка, слаўны буланы! Стань перада мной, як ліст перад травой!» — я тут і буду.

Адпусціў каня Іванка-дурань і ўзяў з яго слова — пшаніцы больш не травіць і не таптаць.

Прыйшоў Іванка дадому.

— Ну, што, дурань, бачыў? — пытаюцца браты.

— Злавіў я,— кажа Іванка,— разнамаснага каня. Паабяцаў ён больш не травіць пшаніцу — вось я яго і адпусціў.

Пасмяяліся ўволю браты з дурня, толькі ўжо з гэтай ночы ніхто больш пшаніцы не дратаваў.