Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 37

Леў Мікалаевіч Талстой

Неўзабаве пасля гэтага пачалі па вёсках і гарадах вяшчальнікі ад цара хадзіць, кліч клікаць: збірайцеся, маўляў, баяры ды дваране, купцы ды мяшчане і простыя сяляне, усе да цара на свята, на тры дні; бярыце з сабою найлепшых коней; і хто на сваім кані да царэўнінага церама даскочыць і з царэўнінай рукі пярсцёнак здыме, за таго цар царэўну замуж аддасць.

Пачалі збірацца на свята і Іванкавы браты; не тое каб ужо самім скакаць, а хоць на іншых паглядзець. Просіцца і Іванка з імі.

— Куды табе, дурань!—кажуць браты. — Людзей напужаць хочаш, ці што? Сядзі сабе на печы ды попел перасыпай.

Паехалі браты; а Іванка-дурань узяў у братавых Лубянку і пайшоў грыбы збіраць. Выйшаў Іванка ў поле, Лубянку кінуў, свіснуў тры разы і гукнуў: «Сіўка-бурка, слаўны буланы! Стань перада мной, як ліст перад травой!» Конь бяжыць — зямля дрыжыць, з вушэй полымя, з ноздраў дым слупам валіць. Прыбег — і стаў конь перад Іванкам як укопаны.

— Ну,— кажа,— залазь мне, Іванка, у правае вуха, а праз левае вылезь.

Залез Іванка каню ў правае вуха, праз левае вылез — і зрабіўся такім малайцом, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.

Сеў тады Іванка на каня і памчаўся на свята да цара, Прымчаўся на плошчу перад палацам, бачыць — народу процьма; а ў высокім цераме, каля акна, царэўна сядзіць, на руцэ пярсцёнак — цаны яму няма, сама красуня з красуняў. Ніхто да яе скакаць і не думае, нікому не хочацца на злом галавы кідацца.

Сцебануў тут Іванка свайго каня па сцёгнах, узлаваўся конь, скочыў — усяго на тры вянцы да акна царэўны не даскочыў.

Здзівіўся народ, а Іванка завярнуў каня і памчаўся назад. Браты яго не адразу збочылі, дык ён іх шаўковым бізуном хвасянуў. Крычыць народ: «Лаві, лаві яго!» — а Іванкаў ужо і след прастыў.

Выехаў Іван з горада, злез з каня, залез яму ў левае вуха, праз правае вылез і стаў зноў, як і быў, Іванкам-дурнем. Адпусціў Іванка каня, назбіраў лу янку мухамораў і прынёс дадому.

— Вось вам, гаспадынькі, грыбкоў,— кажа.

Раззлаваліся тут братавыя на Івана:

— Якія ты, дурань, грыбы прынёс? Хіба ты сам іх есці будзеш?

Усміхнуўся Іван і зноў на печ палез.

Прыйшлі браты дадому і расказваюць бацьку, як яны ў горадзе былі і што бачылі, а Іванка ляжыць на печы ды пасміхаецца.

На другі дзень старэйшыя браты зноў на свята паехалі, а Іванка ўзяў Лубянку і пайшоў у грыбы. Выйшаў у поле, свіснуў, гаркнуў: «Сіўка-бурка, слаўны буланы! Стань перада мной, як ліст перад травой!» Прыбег конь і стаў перад Іванкам як укопаны. Пераапрануўся зноў Іван і памчаўся на плошчу. Бачыць — на плошчы народу яшчэ больш, чым учора было; усе на царэўну любуюцца, а скакаць ніхто і не думае: каму ахвота сабе карак ламаць!

Сцебануў тут Іванка свайго каня па сцёгнах; узлаваўся конь, скочыў — і ўсяго на два вянцы да акна царэўны не даскочыў. Завярнуў Іванка каня, хвасянуў братоў, каб дарогу далі, і памчаўся прэч.

Прыходзяць браты дадому, а Іванка ўжо на печы ляжыць, слухае, што браты расказваюць, і насміхаецца.

На трэці дзень зноў браты паехалі на свята, прымчаўся і Іванка. Сцебануў ён свайго каня бізуном. Узлаваўся конь яшчэ мацней, скочыў — і дастаў да акна. Іванка пацалаваў царэўну ў вусны мядовыя, схапіў з яе пальца пярсцёнак, завярнуў каня і памчаўся прэч, не забыўшы братоў бізуном агрэць. Тут ужо і цар і царэўна закрычалі: «Лаві, лаві яго!» — а Іванкаў і след прастыў.