Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 34

Леў Мікалаевіч Талстой

Паклаў яблычак са сподачкам у куфэрак і замкнуў.

Мінула нямала часу. Гнаў на досвітку пастушок паўз лес чараду авечак. Адна авечка адстала і зайшла ў лес. Пайшоў пастушок па лесе авечку шукаць. Бачыць — стаіць стройная белая бярэзінка, а пад ёю пагорачак, а на ім кветкі ярка-чырвоныя, блакітныя, а над кветкамі чарацінка.

Зрэзаў пастушок чарацінку, зрабіў дудачку і — дзіва дзіўнае, цуд, ды годзе — дудачка сама спявае, вымаўляе:

— Іграй, іграй, пастушок, Іграй ціхенька, Іграй хорашанька. Мяне, бедную, забілі, Пад бярэзінку палажылі, За сярэбраны сподачак, За наліўны яблычак.

Прыйшоў пастушок у вёску, а дудачка ўсё спявае сваю песеньку.

Людзі слухаюць — дзівяцца, пастушка распытваюць.

— Людзі добрыя,— кажа пастушок,— нічога я не ведаю. Шукаў я ў лесе авечку і ўбачыў пагорачак, на пагорачку кветкі, над кветкамі чарацінка. Зрэзаў я чарацінку, зрабіў сабе дудачку, а дудачка сама спявае, вымаўляе.

Здарылася так, што былі тут якраз бацька і маці Алёнкі, і пачулі яны словы пастушка. Схапіла маці дудачку, а дудачка сама спявае, вымаўляе:

— Іграй, іграй, родная мамачка, Іграй ціхенька, Іграй хорашанька. Мяне, бедную, забілі, Пад бярэзінку палажылі, За сярэбраны сподачак, За наліўны яблычак.

Сціснулася сэрца ў бацькі і ў маці, як пачулі яны гэтыя словы.

— Вядзі нас, пастушок,— сказаў бацька,— туды, дзе ты зрэзаў чарацінку.

Пайшлі бацька з маці за пастушком у лес, і людзі з імі пайшлі. Убачылі пад бярэзінкай пагорачак з кветкамі ярка-чырвонымі, блакітнымі. Пачалі разграбаць пагорачак і знайшлі забітую Алёнку.

Пазналі бацька з маці дачку сваю любімую і заплакалі слязьмі несуцешнымі.

— Людзі добрыя,— пытаюцца яны,— хто забіў, загубіў яе?

Узяў тут бацька дудачку, а яна спявае, вымаўляе:

— Іграй, іграй, родны татачка, Іграй ціхенька, Іграй хорашанька. Мяне сёстры ў лес завабілі, Мяне, бедную, забілі, Пад бярэзінку палажылі, За сярэбраны сподачак, За наліўны яблычак. Ты пайдзі, пайдзі, любы бацюхна, На край лесу дрымучага, Там стаіць хатка драўляная, У ёй жыве бабулька добрая, Дасць жывой вады яна ў пляшачцы. Як апырскаеш мяне той вадзіцаю — Я прачнуся-абуджуся ад сну цяжкага, Ад сну цяжкага, ад сну мёртвага.

Пайшлі тады бацька з маці на край лесу дрымучага. Ішлі яны роўна тры дні і тры ночы і дайшлі да лясной хаткі. Выйшла на ганак старэнькая бабулька. Папрасілі ў яе маці з бацькам жывой вады.

— Памагу я Алёнцы,— гаворыць бабулька,—за яе сэрца добрае.

Дала яна ім пляшачку з жывой вадою і кажа:

— Усыпце ў пляшачку жменьку роднай зямлі — без гэтага вада не будзе мець сілы.

Да зямлі пакланіліся, падзякавалі бабульцы бацька з маці і пайшлі назад.

Прыйшлі ў вёску, усыпалі, як наказвала бабулька, жменьку роднай зямлі ў пляшачку з жывою вадою, узялі з сабою сясцёр-ліхадзеек і ў лес пайшлі. I людзі пайшлі з імі.