Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 32

Леў Мікалаевіч Талстой

А ў цара ў палацы крык ды слёзы. Мар'я-царэўна па Ямелю сумуе, не можа жыць без яго, просіць бацьку, каб аддаў ён яе за Ямелю замуж. Тут цар забедаваў, затужыў і кажа зноў самаму галоўнаму вяльможу:

— Ідзі, прывядзі да мяне Ямелю жывога ці мёртвага, а то галаву з плеч здыму.

Накупляў самы галоўны вяльможа вінаў салодкіх ды розных закусак; паехаў у тую вёску, зайшоў у тую хату і пачаў Ямелю частаваць.

Ямеля напіўся, наеўся, ап'янеў і лёг спаць. А вяльможа палажыў яго на павозку і па вёз да цара.

Цар тут жа загадаў прыкаціць вялікую бочку з

жалезнымі абручамі. У яе пасадзілі Ямелю і Мэр'ю-царэўну, засмалілі і бочку ў мора кінулі.

Прачнуўся Ямеля, бачыць — цёмна, цесна.

— Дзе ж гэта я?

А яму адказваюць:

— Нудна і млосна, Ямелька! Нас у бочку засмалілі, кінулі ў сіняе мора.

— А ты хто?

— Я Мар'я-царэўна.

Ямеля кажа:

— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню—

ветры буйныя, выкаціце бочку на сухі бераг, на жоўты пясок...

Ветры буйныя падзьмулі, мора захвалявалася, бочку выкінула на сухі бераг, на жоўты пясок. Ямеля і Мар'я-царэўна выйшлі з яе.

— Ямелька, дзе ж мы будзем жыць? Пабудуй хоць якую-небудзь хатку.

— А мне не хочацца...

Тут яна пачала яшчэ больш яго прасіць, ён і кажа:

— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —

пабудуйся мураваны палац з залатым дахам...

Толькі ён сказаў — з'явіўся мураваны палац з залатым дахам. Вакол — зялёны сад; кветкі цвітуць і птушкі пяюць. Мар'я-царэўна з Ямелем увайшлі ў палац, селі каля акна.

— Ямелька, а ці нельга каб ты прыгожым стаў?

Тут Ямеля, доўга не думаючы:

— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —

стаць мне добрым малайцом, прыгожым удальцом...

I зрабіўся Ямеля такім, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.

А на той час цар ехаў на паляванне. Бачыць ён — стаіць палац, дзе раней нічога не было.

— Гэта хто пасмеў без майго дазволу на маёй зямлі палац паставіць?

I паслаў спытаць-распытаць, хто такія.

Пасланцы пабеглі, сталі пад акном, пытаюцца.

Ямеля ім адказвае:

— Прасіце цара да мяне ў госці, я сам яму скажу.

Цар прыехаў да яго ў госці. Ямеля яго сустракае,

вядзе ў палац, садзіць за стол. Пачынаюць яны баляваць. Цар есць, п'е і надзівіцца не можа:

— Хто ж ты такі, добры малойца?

— А памятаеш дурня Ямелю, што прыязджаў да цябе на печы, а ты загадаў яго са сваёю дачкою ў бочку засмаліць, у мора кінуць? Я — той самы Ямеля. Захачу — усё тваё царства спалю і спустошу.

Цар вельмі спалохаўся, пачаў прабачэння прасіць:

— Жаніся з маёй дачкой, Ямелька, бяры маё царства, толькі не губі мяне!

Тут наладзілі банкет на ўвесь свет. Ямеля ажаніўся з Мар'яй-царэўнай і пачаў кіраваць царствам.

Тут і казцы канец, а хто слухаў — маладзец.

КАЗКА ПРА СЯРЭБРАНЫ СПОДАЧАК І НАЛІЎНЫ ЯБЛЫЧАК

Жылі-былі селянін з жонкаю. У іх было тры дачкі, усе тры красуні. Старэйшыя дзве — гультайкі, ім бы ўсё сядзець ды ў строі прыбірацца, харашыцца; а трэцяя, малодшая, Алёнка — працавітая і сціплая. Прыгажэйшая за ўсіх сясцёр была Алёнка.