Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 21

Леў Мікалаевіч Талстой

— Добры дзень, малойца! Што шукаеш, куды цябе твая дарога вядзе?

Іван-царэвіч расказаў яму пра сваё няшчасце. Стары дзядок і кажа яму:

— Эх, Іван-царэвіч, навошта ты жабіну скуру спаліў? Не ты яе надзеў, не табе яе трэба было і здымаць. Васіліса Прамудрая хітрэйшая, мудрэйшая за свайго бацьку ўдалася. Ен за гэта разгневаўся на яе і загадаў ёй тры гады жабаю быць. Ну, нічога не зробіш, вось табе клубок: куды ён пакоціцца, туды і ты ідзі за ім смела.

Іван-царэвіч падзякаваў старому дзядку і пайшоў за клубочкам. Клубок коціцца, ён за ім Ідзе. У чыстым полі трапляецца яму насустрач мядзведзь. Іван-царэвіч нацэліўся, хоча забіць звера. А мядзведзь гаворыць яму чалавечым голасам:

— Не забівай мяне, Іван-царэвіч, калі-небудзь я табе спатрэблюся.

Іван-царэвіч пашкадаваў мядзведзя, не стрэліў у яго, пайшоў далей. Зірк, ляціць над ім качар. Ён нацэліўся, а качар кажа яму чалавечым голасам:

— Не забівай мяне, Іван-царэвіч, я табе спатрэблюся. Ён пашкадаваў качара і пайшоў далей. Бяжыць касавокі заяц. Іван-царэвіч зноў намерыўся, хоча ў яго страляць, а заяц кажа чалавечым голасам:

— Не забівай мяне, Іван-царэвіч, я табе спатрэблюся. Пашкадаваў ён і зайца, пайшоў далей. Падыходзіць да сіняга мора, аж бачыць — на беразе, на пяску, ляжыць шчупак, ледзьве дыхае і кажа яму:

— Ах, Іван-царэвіч, пашкадуй мяне, кінь у сіняе мора!

Ён кінуў шчупака ў мора, пайшоў далей берагам. Доўга ці не, прыкаціўся клубочак да лесу. Там стаіць хатка на курыных лапках, вакол сябе паварочваецца.

— Хатка, хатка, стань, як стаяла, як маці паставіла: да лесу задам, да мяне перадам.

Хатка павярнулася да яго перадам, да лесу задам. Іван-царэвіч зайшоў у яе, аж бачыць: на печы, на чарані, на дзевятай цагліне, ляжыць баба-яга, касцяная нага, зубы— на паліцы, а нос у столь урос.

— Чаго, добры малойца, да мяне завітаў? — кажа яму баба-яга.— Работы шукаеш ці ад работы ўцякаеш?

Іван-царэвіч ёй адказвае:

— Ах ты, старая качарга, ты б мяне спачатку напаіла, накарміла, у лазні папарыла, тады б і дапытвалася.

Баба-яга яго ў лазні папарыла, напаіла, накарміла, у пасцель палажыла, і Іван-царэвіч расказаў ёй, што шукае сваю жонку, Васілісу Прамудрую.

— Ведаю, ведаю,— кажа яму баба-яга,— твая жонка цяпер у Кашчэя Бессмяротнага. Цяжка яе будзе выбавіць, нялёгка з Кашчэем справіцца: яго смерць на кончыку іголкі, тая іголка ў яйку, яйка ў качцы, качка ў зайцы, той заяц сядзіць у каменным куфэрку, а куфэрак стаіць на высокім дубе, і той дуб Кашчэй Бессмяротны, як сваё вока, сцеражэ.

Іван-царэвіч у бабы-ягі пераначаваў, і назаўтра раніцай яна яму паказала, дзе расце высокі дуб. Доўга ці не, дайшоў туды Іван-царэвіч, бачыць — стаіць, шуміць высокі дуб, на ім каменны куфэрак, а дастаць яго цяжка.

Раптам, ні адсюль ні адтуль, прыбег мядзведзь і вывернуў дуб з коранем. Куфэрак упаў і разбіўся. З куфэрка выскачыў заяц—і наўцёкі з усіх ног. А за ім другі заяц гоніцца, дагнаў і на шматкі разарваў. А з зайца вылецела качка, паднялася высока, пад самае неба. Зірк, на яе качар рынуўся, як стукне яе — качка яйка выпусціла, яйка ўпала ў сіняе мора...