Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 23

Леў Мікалаевіч Талстой

Сеў на мяккую траву і зажурыўся, сядзіць.

Hi адсюль ні адтуль бяжыць да яго шэры воўк.

— Чаго, Іван-царэвіч, сядзіш, чаго зажурыўся, галаву звесіў?

— Як жа мне не тужыць, шэры воўк? Застаўся я без добрага каня.

— Гэта я, Іван-царэвіч, твайго каня з'еў... Шкада мне цябе! Раскажы, чаго ў дарогу далёкую выправіўся, куды яна цябе вядзе?

— Паслаў мяне бацюхна паездзіць па белым свеце, знайсці Жар-птушку.

— Фу, фу, табе на сваім добрым кані за тры гады не даехаць да Жар-птушкі. Я адзін ведаю, дзе яна жыве. Так і быць, каня твайго з'еў — буду табе служыць верай-праўдай. Садзіся на мяне ды трымайся мацней.

Сеў Іван-царэвіч на яго верхам, шэры воўк і памчаўся — сінія лясы міма вачэй прапускае, азёры хвастом замятае. Доўга ці не, дабягаюць яны да высокай крэпасці. Шэры воўк і кажа:

— Слухай мяне, Іван-царэвіч, запамінай: лезь цераз сцяну, не бойся — час добры, усе вартаўнікі спяць. Убачыш у цераме акенца, на акенцы стаіць залатая клетка, а ў клетцы сядзіць Жар-птушка. Ты птушку вазьмі, за пазуху пакладзі, ды глядзі клеткі не чапай!

Іван-царэвіч цераз сцяну пералез, убачыў гэты церам — на акенцы стаіць залатая клетка, у клетцы сядзіць Жар-птушка. Ён птушку ўзяў, за пазуху паклаў, ды загледзеўся на клетку. Сэрца яго і распалілася: «Ах, якая — залатая, дарагая! Як жа такую не ўзяць!» I забыўся, што яму воўк наказваў. Толькі дакрануўся да клеткі, пайшоў па крэпасці шум: трубы затрубілі, у барабаны забілі, вартаўнікі прачнуліся, схапілі Івана-царэвіча і павялі яго да цара Афрона.

Цар Афрон разгневаўся і пытаецца:

— Чый ты, адкуль?

— Я цара Берандзея сын, Іван-царэвіч.

— Ай, які сорам! Царскі сын ды пайшоў красці.

— А што ж, калі ваша птушка лятала, наш сад спусташала?

— А ты б прыйшоў да мяне, хораша папрасіў, я яе і так аддаў бы, з павагі да твайго бацькі, цара Берандзея. А цяпер па ўсіх гарадах путчу нядобрую славу пра вас... Ну ды нічога, саслужыш мне службу, я табе дарую. У такім вось царстве ў цара Кусмана ёсць конь залатагрывы. Прывядзі яго мне, тады аддам табе Жар-птушку з клеткай.

Зажурыўся Іван-царэвіч, ідзе да шэрага воўка. А воўк яму:

— Я ж табе казаў, не чапай клетку! Чаму не слухаўся майго загаду?

— Ну, даруй жа ты мне, даруй, шэры воўк.

— Ага, даруй... Добра, садзіся на мяне. Узяўся за гуж, не кажы, шт.о не дуж.

Зноў памчаўся шэры воўк з Іванам-царэвічам. Доўга ці не, дабягаюць яны да той крэпасці, дзе стаіць конь залатагрывы.

— Лезь, Іван-царэвіч, цераз сцяну, вартаўнікі спяць. Ідзі ў стайню, бяры каня, ды глядзі аброць не чапай!

Іван-царэвіч пералез у крэпасць, там усе вартаўнікі спяць, зайшоў на стайню, злавіў каня залатагрывага, ды паквапіўся на аброць — яна золатам, дарагімі камянямі аздоблена; у ёй залатагрываму каню толькі і гуляць.

Іван-царэвіч дакрануўся да аброці — пайшоў шум па ўсёй крэпасці: трубы затрубілі, у барабаны забілі, вартаўнікі прачнуліся, схапілі Івана-царэвіча і павялі да цара Кусмана.

— Чый ты, адкуль?

— Я Іван-царэвіч.

— Эге ж, за якія дурыкі ўзяўся — каня красці! На гэта просты мужык не згодзіцца. Ну ды нічога, дарую табе, Іван-царэвіч, калі саслужыш мне службу. У цара Далмата ёсць дачка Алена Прыгожая. Украдзі яе, прывязі да мяне — падару табе залатагрывага каня з аброццю.