Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 20

Леў Мікалаевіч Талстой

— От гэта хлеб, толькі на свята яго есці.

I загадаў цар тром сваім сынам, каб заўтра з’явіліся да яго на банкет разам з жонкамі.

Зноў вярнуўся Іван-царэвіч дадому невясёлы, ніжэй плеч галаву звесіў. Жаба па падлозе скача:

— Ква-ква, Іван-царэвіч, чаго замаркоціўся? Ці мо пачуў ад бацюхны слова няласкавае?

— Жабка, жабка, як мне не бедаваць? Бацюхна наказаў, каб я прыйшоў з табою на банкет, а як я цябе людзям пакажу?

— Не тужы, Іван-царэвіч,— адказвае жаба, ідзі на банкет адзін, а я ўслед за табою буду. Як пачуеш стук ды гром, не пужайся. Запытаюцца ў цябе, скажы: «Гэта мая жабка ў каробачцы едзе».

Іван-царэвіч і пайшоў адзін. Вось старэйшыя браты прыехалі з жонкамі, а тыя разадзетыя, у строі прыбраныя, нарумяненыя, нафарбаваныя.

Стаяць ды з Івана-царэвіча смяюцца:

— Чаму ж ты без жонкі прыйшоў? Хоць бы ў хусцінцы яе прынёс. Дзе ты такую красуню знайшоў? Пэўна, усе балоты аблазіў.

Цар з сынамі, з нявесткамі, з гасцямі паселі за сталы дубовыя, за абрусы ўзорыстыя — баляваць. Раптам узняўся такі стукат ды грукат, што ўвесь палац хадуном захадзіў. Госці папужаліся, паўсхопліваліся с месцаў, а Іван-царэвіч кажа:

— Не бойцеся, шаноўныя госці: гэта мая жабка ў каробачцы прыехала.

Падляцела да царскага ганка пазалочаная карэта, шасцёркай белых коней запрэжаная, і выходзіць з яе Васіліса Прамудрая: на блакітнай сукенцы — густыя зоркі, на галаве — месяц ясны, такая красуня — ні падумаць, ні згадаць, толькі ў казцы сказаць. Бярэ яна Івана-царэвіча за руку і вядзе за сталы дубовыя, за абрусы ўзорыстыя.

Пачалі госці есці, піць, весяліцца. Васіліса Прамудрая выпіла са шклянкі ды рэшткі сабе ў левы рукаў выліла. Закусіла лебедзем ды костачкі ў правы рукаў укінула.

Жонкі большых царэвічаў прыкмецілі яе хітрыкі і давай тое ж самае рабіць.

Папілі, паелі, прыйшла пара ў скокі ісці. Васіліса Прамудрая падхапіла Івана-царэвіча. I ўжо так яна скакала-танцавала, круцілася-вярцелася—усім на дзіва. Махнула левым рукавом — раптам зрабілася возера, махнула правым рукавом — паплылі па возеры белыя лебедзі. Цар і госці дзіву даліся.

А старэйшыя нявесткі пайшлі скакаць-танцаваць:

махнулі рукавом — толькі гасцей запырскалі, махнулі другім — толькі косці разляцеліся, адна костка цару ў вока пацэліла. Цар раззлаваўся І прагнаў абедзвюх нявестак.

Тым часам Іван-царэвіч адлучыўся ціхенька, пабег дадому, знайшоў там жабіну скуру і кінуў яе ў печ, спаліў на агні.

Васіліса Прамудрая вяртаецца дадому, спахапілася — няма жабінай скуры. Села яна на лаўку, засмуцілася, зажурылася і кажа Івану-царэвічу:

— Ах, Іван-царэвіч, што ж ты нарабіў? Каб ты яшчэ ўсяго толькі тры дні пачакаў, я вечна тваёю была б. А цяпер бывай. Шукай мяне за трыдзевяць зямель, у трыдзесятым царстве, у Кашчэя Бессмяротнага...

Зрабілася Васіліса Прамудрая шэрай зязюляй і вылецела ў акно. Іван-царэвіч паплакаў, паплакаў, пакланіўся на ўсе чатыры бакі і пайшоў куды вочы глядзяць — шукаць жонку, Васілісу Прамудрую. Ішоў ён блізка ці далёка, доўга ці не, боты збіў, каптан знасіў, шапку дождж злямчыў. Трапляецца яму насустрач стары дзядок.