Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 22

Леў Мікалаевіч Талстой

Тут Іван-царэвіч заліўся горкімі слязьмі — дзе ж у моры яйка знайсці! Раптам падплывае да берага шчупак і трымае яйка ў зубах. Іван-царэвіч разбіў яйка, дастаў іголку і давай у яе кончык ламаць. Ён ломіць, а Кашчэй Бессмяротны шалее, кідаецца сюды-туды. Колькі ні шалеў, ні кідаўся Кашчэй, зламаў Іван-царэвіч у іголкі кончык, давялося Кашчэю памерці.

Пайшоў Іван-царэвіч у Кашчэеў палац белакаменны. Выбегла насустрач Васіліса Прамудрая, пацалавала яго ў вусны мядовыя. Іван-царэвіч з Васілісай Прамудрай вярнуліся дадому і жылі доўга і шчасліва да глыбокай старасці.

ІВАН-ЦАРЭВІЧ І ШЭРЫ ВОЎК

Жыў-быў цар Берандзей, у яго было тры сыны, малодшага звалі Іван.

I быў у цара цудоўны сад; расла ў тым садзе яблыня з залатымі яблыкамі.

Пачаў хтосьці ў царскі сад лазіць, залатыя яблыкі красці. Цару стала шкада свайго саду. Пасылае ён туды варту. Ніякая варта не можа злавіць злодзея.

Цар перастаў і піць, і есці, затужыў. Сыны бацьку суцяшаюць:

— Дарагі наш бацюхна, не тужы. Мы самі будзем сад пільнаваць.

Старэйшы сын кажа:

— Сёння мая чарга, пайду пільнаваць сад ад злодзея.

Пайшоў старэйшы сын. Колькі ні хадзіў звечара, нікога не высачыў, прылёг на мяккую траву і заснуў.

Раніцай цар пытаецца ў яго:

— Ану парадуй мяне: ці бачыў ты злодзея?

Не, родны бацюхна, усю ноч не спаў, вачэй не зводзіў, а нікога не бачыў.

На другую ноч пайшоў сярэдні сын пільнаваць і таксама праспаў усю ноч, а раніцай сказаў, што но бачыў злодзея.

Надышоў час малодшаму сыну ісці пільнанаць. Пайшоў Іван-царэвіч у бацькаў сад і нават прысесці баіцца, не тое што прылегчы. А як сон пачне яго браць, он расою з травы памыецца і прагоніць сон.

Палавіна ночы мінула, яму і здаецца: у садзе нейкае святло. Святлей і святлей. Увесь сад асвяціла. Ён бачыць — на яблыню села Жар-птушка і дзяўбе яблыкі.

Іван-царэвіч ціхенька падпоўз да яблыні і злавіў птушку за хвост. Жар-птушка страпянулася і паляцела, засталося ў яго ў руцэ адно пяро з яе хваста.

Раніцай прыходзіць Іван-царэвіч да бацькі.

— Ну што, дарагі мой Ваня, ці бачыў ты злодзея?

— Дарагі бацюхна, злавіць не злавіў, а высачыў, хто наш сад спусташае. Вось ад злодзея памяць вам прынёс. Гэта, бацюхна, Жар-птушка.

Цар узяў тое пяро і з таго часу пачаў піць, і есці, і тугі не ведаць. Вось аднойчы і задумаўся ён пра гэтую пра Жар-птушку.

Паклікаў ён сыноў і кажа ім:

— Дарагія мае дзеці, асядлалі б вы добрых коней, паездзілі б па белым свеце, пашукалі, ці не натрапілі б дзе на Жар-птушку.

Дзеці бацьку пакланіліся, асядлалі добрых коней і рушылі ў дарогу: старэйшы ў адзін бок, сярэдні ў другі, а Іван-царэвіч у трэці бок.

Ехаў Іван-царэвіч доўга ці не. Дзень быў летні. Прытаміўся Іван-царэвіч, злез з каня, спутаў яго, а сам спаць паваліўся.

Многа ці мала часу мінула, прачнуўся Іван-царэвіч, бачыць —каня няма. Пайшоў яго шукаць, хадзіў, хадзіў і знайшоў свайго каня — адны косці абгрызеныя.

Затужыў Іван-царэвіч: куды без каня ісці ў такую далячынь?

«Ну што ж,— думае,— узяўся — нічога не зробіш».

I пайшоў пеша.

Ішоў, ішоў, стаміўся страшэнна.