Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 19

Леў Мікалаевіч Талстой

— Што ты, як гэта я вазьму сабе за жонку жабу?

— Бяры, відаць, лёс твой такі, доля твая такая.

Зажурыўся Іван-царэвіч. Ды нічога не зробіш, узяў

жабу, прынёс дадому. Цар згуляў тры вяселлі: старэйшага сына ажаніў з баярскай дачкою, сярэдняга — з купецкай, а няшчаснага Івана-царэвіча — з жабай.

Вось цар паклікаў сыноў:

— Хачу паглядзець, каторая з вашых жонак найлепшая рукадзельніца. Няхай пашыюць мне да заўтра па кашулі.

Сыны пакланіліся бацьку і пайшлі.

Іван-царэвіч прыйшоў дадому, сеў і галаву звесіў. Жаба па падлозе скача, пытаецца ў яго:

— Чаго, Іван-царэвіч, замаркоціўся? Ці, можа, гора якое?

— Бацюхна загадаў табе да заўтра кашулю яму пашыць.

Жаба адказвае:

— Не тужы, Іван-царэвіч, лепей кладзіся спаць, раніца за вечар мудрэйшая.

Іван-царэвіч лёг спаць, а жаба скокнула на ганак, скінула з сябе жабіную скуру і зрабілася Васілісай Прамудрай, такой красуняй, што і ў казцы не раскажаш.

Васіліса Прамудрая пляснула ў ладкі і крыкнула:

— Мамкі, нянькі, збягайцеся, збірайцеся! Пашыйце мне да раніцы такую кашулю, якую бачыла я ў свайго роднага бацюхны.

Іван-царэвіч раніцай прачнуўся, жаба зноў па падлозе скача, а кашуля ўжо ляжыць на стале, загорнутая ў ручнік. Зарадаваўся Іван-царэвіч, узяў кашулю, панёс бацьку. Цар у гэты час прымаў дарункі ад большых сыноў. Старэйшы сын разгарнуў кашулю, цар узяў яе і сказаў:

— Гэтую кашулю ў курнай хаце насіць.

Сярэдні брат разгарнуў кашулю, цар сказаў:

— У ёй толькі ў лазню хадзіць.

Іван-царэвіч разгарнуў кашулю, аздобленую золатам-серабром, мудрагелістымі ўзорамі. Цар толькі глянуў:

— Ну, от гэта кашуля — на святы яе надзяваць.

Пайшлі браты дадому — тыя два — і гамоняць паміж сабой:

— Не, мусіць, мы дарэмна смяяліся з жонкі Івана-царэвіча: яна не жаба, а нейкая хітра...

Цар зноў сыноў паклікаў:

— Няхай вашы жонкі спякуць мне да заўтра хлеб. Хачу ўведаць, каторая лепей гатуе.

Іван-царэвіч галаву звесіў, прыйшоў дадому. Жаба ў яго пытаецца:

— Чаго замаркоціўся?

Ён адказвае:

— Трэба да заўтра спячы цару хлеб.

— Не тужы, Іван-царэвіч, лепей кладзіся спаць, раніца за вечар мудрэйшая.

А тыя нявесткі спачатку смяяліся з жабы, а цяпер паслалі адну бабку-нахлебніцу паглядзець, як жаба будзе пячы хлеб.

Жаба хітрая, яна гэта сцяміла. Замясіла дзяжу цеста, печ зверху разламала ды проста туды, у дзірку, усю дзяжу і перакуліла. Бабка-нахлебніца прыбегла дацарскіх нявесгак, усе расказала, і тыя гэтак жа пачалі рабіць.

А жаба скокнула на ганак, зрабілася Васілісай Прамудрай, пляснула ў ладкі:

— Мамкі, нянькі, збягайцеся, збірайцеся! Спячыце мне да раніцы мяккі белы хлеб, які я ў майго роднага бацюхны ела.

Іван-царэвіч раніцай прачнуўся, а ўжо на стале ляжыць бохан хлеба, усяляк аздоблены: з бакоў узоры адмысловыя, зверху гарады з заставамі.

Іван-царэвіч узрадаваўся, загарнуў хлеб у настольнік, панёс бацьку. А цар у гэты час прымаў хлеб ад большых сыноў. Іх жонкі павылівалі цеста ў печ, як ім бабка-нахлебніца сказала, і выйшла ў іх адна гарэлая гразь. Цар узяў хлеб ад старэйшага сына, паглядзеў і адаслаў у чалядню. Узяў ад сярэдняга сына і туды ж адаслаў. А як падаў Іван-царэвіч, цар сказаў: