Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 18

Леў Мікалаевіч Талстой

— Бачыце, браткі, што гэта за яблыня? Нясмачныя на ёй яблычкі!

Селі браты на коней і паехалі далей.

Ехалі яны, ехалі і вельмі стаміліся. Глядзяць — разасланы на полі дыван узорысты, мяккі, а на ім падушкі пуховыя.

— Паляжым на гэтым дыване, адпачнем, падрэмлем з гадзінку! — кажуць браты.

— Не, браткі, не мякка будзе на гэтым дыване ляжаць! — адказвае ім Іван.

Раззлаваліся на яго браты:

— Што ты за ўказчык нам: тое няможна, гэта няможна!

Іван у адказ ні слоўца не вымавіў. Зняў ён сваю папругу, на дыван кінуў. Шуганула папруга полымем і згарэла.

— Вось і з вамі тое ж самае было б! — кажа Іван братам.

Падышоў ён да дывана і давай мячом дыван ды падушкі на шматкі сячы. Пасек, параскідаў у бакі і кажа:

— Дарэмна вы, браткі, бурчалі на мяне! Бо і студня, і яблыня, і дыван — усё гэта цуда-юдавы жонкі былі. Хацелі яны нас загубіць, ды не ўдалося ім гэта: самі ўсе загінулі!

Паехалі браты далей.

Многа ці мала праехалі — раптам неба пацямнела, вецер завыў, зямля загула: бяжыць за імі вялізная свіння. Разявіла зяпу да вушэй — хоча Івана з братамі праглынуць. Тут малойцы — не дурныя ж! — дасталі са сваіх торбаў дарожных па пуду солі і кінулі свінні ў зяпу.

Зарадавалася свіння — думала, што Івана — сялянскага сына з братамі схапіла. Спынілася і пачала жаваць соль. А як рассмакавала — зноў рынулася наўздагон.

Бяжыць, шчацінне натапырыла, зубамі ляскае. Вось-вось дагоніць...

Тут Іван загадаў братам у розныя бакі на сваіх конях імчацца: адзін направа памчаўся, другі — налева, а сам Іван — уперад.

Падбегла свіння, спынілася — не ведае, каго спачатку даганяць.

Пакуль яна думала ды ў розныя бакі лычам круціла, Іван падскочыў, падняў яе ды з усяго размаху аб зямлю бразнуў. Рассыпалася свіння на пыл, а вецер гой пыл падхапіў і на ўсе бакі развеяў.

З таго часу ўсе цуды-юды ды змеі ў тым краі звяліся — без страху людзі жыць пачалі.

А Іван — сялянскі сын з братамі вярнуўся дадому, да бацькі, да маці. I пачалі яны жыць ды пажываць, поле араць ды пшаніцай засяваць.

ЦАРЭЎНА-ЖАБА

Даўным-даўно ў аднаго цара было тры сыны. Вось, калі сыны ў гады ўвайшлі, цар сабраў іх і кажа:

— Сынкі мае любыя, пакуль я яшчэ не стары, хацелася б мне вас пажаніць і паглядзець на вашых дзетак, на маіх унукаў.

Сыны бацьку адказваюць:

— Дык што ж, бацюхна, блаславі. З кім табе хацелася б нас ажаніць?

— Вось што, сынкі, бярыце па страле, выходзьце ў чыстае поле і страляйце: куды стрэлы ўпадуць, там і доля ваша, лёс ваш.

Сыны пакланіліся бацьку, узялі па страле, выйшлі ў чыстае поле, напялі лукі і стрэлілі. У старэйшага сына страла ўпала на баярскі двор, падняла стралу баярская дачка. У сярэдняга сына ўпала страла на шырокі купецкі двор, падняла яе купецкая дачка.

А ў малодшага сына, Івана-царэвіча, страла паднялася і паляцела, сам не ведае куды. Вось ён ішоў, ішоў, дайшоў да балота, бачыць — сядзіць жаба, падхапіла яго стралу. Іван-царэвіч кажа ёй:

— Жаба, жаба, аддай маю стралу.

А жаба яму адказвае:

— Вазьмі мяне замуж!