Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 2

Леў Мікалаевіч Талстой

— Качуся па дарожцы.

— Калабок, калабок, паспявай мне песеньку!

Калабок і заспяваў:

— Я калабок, калабок, Па кадушцы скрэбены Ды па скрыні мецены, На смятане мешаны Ды ў масле спечаны, На акенцы студжаны. Я ад дзеда ўцёк, Я ад бабы ўцёк, Я ад зайца ўцёк, Я ад воўка ўцёк, Ад мядзведзя ўцёк, Ад цябе, лісіцы, лёгка ўцячы!

А лісіца кажа:

— Ах, песенька прыгожая, ды чую я кепска. Калабок, калабок, сядзь мне на носік, браток, ды паспявай яшчэ разок, мацней.

Калабок ускочыў лісіцы на нос і заспяваў мацней тую ж песеньку.

А лісіца зноў яму:

— Калабок, калабок, сядзь мне на язычок ды паспявай апошні разок.

Калабок скок лісіцы на язык, а лісіца яго — гам! — і з'ела.

ЛІСІЦА І ЦЕЦЯРУК

Цецярук сядзеў на дрэве. Лісіца падышла да яго і кажа:

— Добры дзень, цецеручок, мой дружок! Як пачула твой галасок, дык і прыйшла цябе праведаць.

— Дзякуй на добрым слове,— сказаў цецярук.

Лісіца прыкінулася, што недачувае, і кажа:

— Што ты там гаворыш? Не чую. Ты б, цецеручок, мой дружок, спусціўся на траўку пагуляць, пагаманіць са мною, а то я з дрэва цябе не чую.

Цецярук сказаў:

— Баюся я спускацца на траву. Нам, птушкам, небяспечна хадзіць па зямлі.

— Хіба ты мяне баішся? — сказала лісіца.

— Не цябе, дык другіх звяроў баюся,— сказаў цецярук.— Усялякія звяры бываюць.

— Не, цецеручок, мой дружок, нядаўна ўказ аб’яўлены, каб па ўсёй зямлі мір быў. Цяпер ужо звяры адзін аднаго не чапаюць.

— От гэта добра,— сказаў цецярук,— а то вунь сабакі бягуць; каб па-даўнейшаму, дык табе ўцякаць трэба было б, а цяпер табе баяцца няма чаго.

Лісіца пачула пра сабак, натапырыла вушы і хацела ўцякаць.

— Куды ж ты? — сказаў цецярук.— Цяпер жа ўказ, сабакі не зачэпяць.

— А хто іх ведае? — сказала лісіца.— Можа, яны ўказа не чулі.

I кінулася наўцёкі.

ВОЎК І САБАКА

Худы воўк хадзіў каля вёскі і сустрэў тлустага сабаку.

Воўк пытаецца ў сабакі:

— Скажы, сабака, дзе вы корм бераце?

Сабака яму гаворыць:

— Людзі нам даюць.

— Відаць, вы цяжкую людзям службу служыце?

Сабака сказаў:

— Не, наша служба не цяжкая. Работа наша—ўночы двор пільнаваць.

— I толькі за гэта вас кормяць?—спытаў воўк.— Гэта ж і я хоць зараз на вашу службу пайшоў бы, а то нам, ваўкам, цяжка корм здабываць.

— Што ж, ідзі,— сказаў сабака.— Гаспадар і цябе гэтак жа карміць будзе.

Воўк зарадаваўся і пайшоў з сабакам да людзей служыць. Пачаў ужо воўк у вароты заходзіць, аж бачыць ён, што ў сабакі на шыі поўсць выцерта. Ён і пытае:

— А гэта ў цябе, сабака, чаму?

— Ды так,— сказаў сабака.

— Як гэта так?

— Ды так, ад ланцуга. Удзень жа я на ланцугу сяджу, дык вось ланцугом і выцерла крыху поўсць на шыі.

— Ну, дык бывай, сабака,— сказаў воўк.— Не пайду да людзей жыць. Няхай сабе не такі тлусты буду, ды затое на волі.

ЛІСІЦА І ЗБАН

Прыйша баба на поле жаць і схавала за кусты збан з малаком. Падкралася да збана лісіца, засунула ў яго галаву, малако выхлебтала, пара б і дадому, ды вось бяда — галавы са збана выцягнуць не можа. Ходзіць лісіца, галавою матае і гаворыць:

— Ну, збан, пажартаваў, ды і досыць. Адпусці ж мяне, збаночак! Хопіць табе, галубок, дурэць — пазабаўляўся, ды і хопіць.