Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 17

Леў Мікалаевіч Талстой

Кінуліся яны ў стайню, выпусцілі каня, а ўслед за ім і самі пабеглі.

Іванаў конь прымчаўся і давай біць цуда-юда капытамі Засвістаў цуда-юда, засіпеў, пачаў каня іскрамі абсыпаць.

А Іван — сялянскі сын тым часам вылез з зямлі, злаўчыўся і адсек цуду-юду агнявы палец. Пасля гэтага давай сячы яму галовы. Збіў усе да адной! Тулава на дробныя кавалкі пасек і пакідаў у раку Смародзіну.

Тут прыбягаюць браты.

— Эх, вы! — кажа Іван.— За вашу санлівасць я ледзь галавою не заплаціў!

Прывялі яго браты ў хатку, умылі, накармілі, напаілі і спаць палажылі.

Назаўтра Іван раненька ўстаў, пачаў адзявацца-абувацца.

— Куды ты гэтак рана падняўся? — кажуць браты.— Адпачнуў бы пасля такога пабоішча!

— Не,— адказвае Іван,— няма калі адпачываць мне:

пайду да ракі Смародзіны сваю папругу шукаць — згубіў там.

— Ахвота табе! — кажуць браты.— Заедзем у горад — новую купіш.

— Не, мне мая трэба!

Падаўся Іван да ракі Смародзіны, ды не папругу ўзяўся шукаць, а перайшоў на той бераг цераз калінавы мост і падкраўся непрыкметна да цуда-юдавага мураванага палаца. Падышоў да адчыненага акенца і давай слухаць — ці не задумваюць тут яшчэ чаго-небудзь ліхога.

Глядзіць — сядзяць у палацы тры цуда-юдавы жонкі ды маці, старая змяіха. Сядзяць яны ды змаўляюцца.

Першая кажа:

— Адпомшчу я Івану — сялянскаму сыну за майго мужа! Забягу наперад, калі ён з братамі дадому вяртацца будзе, напушчу гарачыні, а сама студняй зраблюся. Захочуць яны вады выпіць — і ад першага ж глытка мёртвымі паваляцца!

— Гэта ты добра прыдумала! — кажа старая змяіха.

Другая кажа:

— А я запабягу наперад і зраблюся яблыняй. Захочуць яны па яблычку з'есці — тут іх і разарве на шматкі!

— I ты добра прыдумала!—кажа старая змяіха.

— А я,— кажа трэцяя,— напушчу на іх сон ды дрымоту, а сама запабягу наперад і зраблюся мяккім дываном з шаўковымі падушкамі. Захочуць браты паляжаць-адпачыць — тут іх і спаліць агнём!

— I ты добра прыдумала! — сказала змяіха.— Ну, а калі вы іх не загубіце, я сама зраблюся вялізнай свіннёй, даганю іх і ўсіх трох праглыну.

Падслухаў Іван — сялянскі сын іхнюю гаворку і вярнуўся да братоў.

— Ну што, знайшоў ты сваю папругу? — пытаюцца браты.

— Знайшоў.

— I варта было час на гэта траціць!

— Варта, браткі!

Пасля гэтага сабраліся браты і паехалі дадому.

Едуць яны палямі, едуць лугамі. А дзень такі гарачы, такі спякотны. Піць хочацца — ратунку няма! Глядзяць браты — стаіць студня, у студні сярэбраны карэц плавае. Кажуць яны Івану:

— Давай, браце, прыпынімся, халоднай вадзіцы пап'ем і коней напоім!

— Невядома, якая ў гэтай студні вада,— адказвае Іван.— Можа, гнілая ды брудная.

Саскочыў ён з каня і давай мячом сячы-крышыць гэтую студню. Завыла студня, зараўла немым голасам. Тут апусціўся туман, спёка спала—і піць не хочацца.

— Вось бачыце, браткі, якая вада ў студні была,— кажа Іван.

Паехалі яны далей.

Доўга ехалі ці не — убачылі яблыньку. Вісяць на ёй яблыкі вялікія ды румяныя.

Саскочылі браты з коней, хацелі былі яблычкі рваць. А Іван забег наперад і давай яблыню мячом пад самы корань сячы. Завыла яблыня, закрычала...