Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 16

Леў Мікалаевіч Талстой

Прывёў Іван братоў пад калінавы мост, паказаў ім цуда-юдавы галовы.

— Вось,— кажа,— якія тут уночы мухі ды камары лятаюць. А вам, браткі, не ваяваць, а дома на печы ляжаць!

Сорамна стала братам.

— Сон,— кажуць,— змарыў...

На трэцюю ноч сабраўся ісці ў дазор сам Іван.

— Я,— кажа,— на страшны бой іду! А вы, браткі, усю ноч не спіце, прыслухоўвайцеся: як пачуеце мой свіст — выпускайце майго каня і самі да мяне на падмогу спяшайцеся.

Прыйшоў Іван — сялянскі сын да ракі Смародзіны, стаіць пад калінавым мостам, чакае.

Толькі мінула поўнач, сырая зямля захісталася, вада ў рацэ хвалямі пайшла, шалёны вецер завыў, па дубах арлы заклекаталі. Выязджае цуда-юда дванаццацігаловае. Усе дванаццаць галоў свішчуць, усе дванаццаць агнём-полымем шугаюць. Конь у цуда-юда дванаццацікрылы, шэрсць у каня медная, хвост і грыва жалезныя. Толькі ўз'ехаў цуда-юда на калінавы мост—конь пад ім спатыкнуўся, чорны крумкач на плячы страпянуўся, чорны сабака ззаду натапырыў поўсць. Цуда-юда каня бізуном па баках, крумкача — па пер'і, сабаку па вушах!

— Што ты, мой конь, спатыкнуўся? Чаго, чорны крумкач, страпянуўся? Чаму, чорны сабака, натапырыў поўсць? Ці мо чуеце, што Іван — сялянскі сын тут? Дык ён яшчэ не нарадзіўся, а калі і нарадзіўся, дык сілаю не наліўся: толькі дзьмухну—і следу ад яго не застанецца!

Выйшаў тут з-пад калінавага моста Іван — сялянскі сын.

— Не спяшайся, цуда-юда, хваліцца, каб табе потым не асарамаціцца!

— А, дык гэта ты, Іван — сялянскі сын? Чаго прыйшоў сюды?

— На цябе, варожая сіла, паглядзець, з табой сілай памерацца!

— Дзе табе са мной сілай мерацца! Ты муха перада мною!

Адказвае Іван — сялянскі сын цуду-юду:

— Прыйшоў я не казкі табе расказваць і не твае слухаць. Прыйшоў я насмерць біцца, ад цябе, праклятага, добрых людзей пазбавіць!

Размахнуўся тут Іван сваім вострым мячом і адсек цуду-юду тры галавы. Цуда-юда падхапіў гэтыя галовы, чыркануў па іх сваім агнявым пальцам, да шыяў прылаў, і адразу ўсе галовы прыраслі, быццам і з плеч не падалі.

Кепска давялося Івану: цуда-юда свістам яго глушыць, агнём паліць-смаліць, іскрамі абсыпае, па калені ў сырую зямлю заганяе...

— Можа, хочаш ты адпачыць, Іван — сялянскі сын?

— Які там адпачынак? Па-нашаму — бі, сячы, сябе не глядзі! — кажа Іван.

Свіснуў ён, кінуў сваю правую рукавіцу ў хатку, дзе браты яго чакалі. Рукавіца ўсе шыбы ў вокнах павыбівала, а браты спяць, нічога не чуюць.

Паднатужыўся Іван, размахнуўся яшчэ мацней і адсек цуду-юду шэсць галоў. Цуда-юда падхапіў свае галовы, чыркануў агнявым пальцам, да шыяў прыклаў—і зноў усе галовы на сваіх месцах. Рынуўся ён тут на Івана, загнаў яго па пояс у сырую зямлю.

Бачыць Іван — справы дрэнь. Зняў левую рукавіцу, шпурнуў у хатку. Рукавіца страху прабіла, а браты ўсё спяць, нічога не чуюць.

Трэці раз размахнуўся Іван — сялянскі сын, адсек цуду-юду дзевяць галоў. Цуда-юда падхапіў іх, чыркануў агнявым пальцам, да шыяў прыклаў — галовы зноў прыраслі. Рынуўся ён тут на Івана і загнаў яго ў сырую зямлю па самыя плечы...

Зняў Іван сваю шапку і шпурнуў у хатку. Ад таго ўдару хатка захісталася, траха бярвенні не раскаціліся, Тут толькі браты прачнуліся, чуюць — Іванаў конь моцна ржэ ды з ланцугоў ірвецца.