Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 15

Леў Мікалаевіч Талстой

Кажа цуда-юда шасцігаловае:

— Што ты, мой конь, спатыкнуўся? Чаго ты, чорны крумкач, страпянуўся? Чаму ты, чорны сабака, натапырыў поўсць? Ці мо чуеце вы, што Іван — сялянскі сын тут? Дык ён яшчэ не нарадзіўся, а калі і нарадзіўся, дык сілаю не наліўся! Я яго на адну руку пасаджу, другою прыстукну!

Выйшаў тут Іван — сялянскі сын з-пад моста і кажа:

— Не хваліся, цуда-юда паганае! Не падстрэліў яснага сокала — рана пер'е скубці! Не спазнаў добрага малойцы— няма чаго ганіць яго! Давай лепей сілай мерацца: хто адолее, той і пахваліцца.

Вось сышліся яны, параўняліся, ды так стукнуліся, што наўкол зямля загула. Цуду-юду не пашанцавала: Іван—сялянскі сын адным махам збіў яму тры галавы.

— Пачакай, Іван — сялянскі сын!—крычыць цуда-юда.— Дай мне перадыхнуць!

— Які такі перадых! У цябе, цуда-юда, тры галавы, а ў мяне адна. Вось як будзе ў цябе адна галава, тады і перадых зробім.

Зноў яны сышліся, зноў стукнуліся.

Іван — сялянскі сын адсек цуду-юду і апошнія тры галавы. Пасля гэтага пасек тулава на дробныя кавалкі і пакідаў у раку Смародзіну, а шэсць галоў пад калінавы мост злажыў. Сам у хатку вярнуўся і спаць лёг.

Раніцай прыходзіць старэйшы брат. Пытаецца ў яго Іван:

— Ну што, ці не бачыў чаго?

— Не, браткі, міма мяне нават муха не пралятала!

Іван яму ні слоўца на гэта не сказаў.

На другую ноч выправіўся ў дазор сярэдні брат. Пахадзіў ён, пахадзіў, паглядзеў па баках і супакоіўся. Залез у кусты і заснуў.

Іван і на яго не спадзяваўся. Як мінула поўнач, ён тут жа сабраўся, узяў свой востры меч і пайшоў да paкі Смародзіны. Схаваўся пад калінавы мост і пачаў пільнаваць.

Раптам на рацэ вада хвалямі пайшла, на дубах арлы заклекаталі — пад'язджае цуда-юда дзевяцігаловае.

Толькі цуда-юда на калінавы мост уз'ехала — конь пад ім спатыкнуўся, чорны воран на плячы страпянуўся, ззаду чорны сабака натапырыў поўсць... Цуда-юда каня бізуном па баках, крумкача — па пер'і, сабаку — па вушах.

— Што ты, мой конь, спатыкнуўся? Чаго ты, чорны крумкач, страпянуўся? Чаму ты, чорны сабака, натапырыў поўсць? Ці мо чуеце вы, што Іван — сялянскі сын тут? Дык ён яшчэ не нарадзіўся, а калі і нарадзіўся, дык сілаю не наліўся: я яго адным пальцам заб'ю!

Выскачыў Іван — сялянскі сын з-пад калінавага моста:

— Пачакай, цуда-юда, не хваліся, перш за справу вазьміся! Яшчэ паглядзім, чый верх будзе!

Як махнуў Іван сваім булатным мячом раз-другі, так і сцяў з цуда-юда шэсць галоў. А цуда-юда стукнуў — па калені Івана ў сырую зямлю ўвагнаў. Іван — сялянскі сын схапіў жменю пяску і сыпануў свайму ворагу проста ў вачышчы. Пакуль цуда-юда вачышчы лраціраў ды прачышчаў, Іван адсек яму і астатнія галовы. Потым пасек тулава на дробныя кавалкі, пакідаў у раку Смародзіну, а дзевяць галоў пад калінавы мост злажыў. Сам у хатку вярнуўся. Лёг і заснуў, нібыта нічога не здарылася.

Раніцай прыходзіць сярэдні брат.

— Ну што,— пытаецца Іван,— ці не бачыў ты за ноч чаго-небудзь?

— Не, каля мяне ні адна муха не пралятала, ні адзін камар не пішчаў.

— Ну, калі так, хадземце са мною, браткі дарагія, я вам і камара і муху пакажу.