Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 14

Леў Мікалаевіч Талстой

— Не,— кажа Іванка,— не хачу я дома сядзець, на нашу бяду збоку глядзець ды вас чакаць, пайду і я з цудам-юдам біцца!

Дзед з бабай яго не адгаворвалі, не ўпрошвалі дома застацца.

Сабралі яны ўсіх трох сыноў у дарогу. Узялі браты дубіны важкія, узялі кайстры з хлебам-соллю, селі на добрых коней і паехалі.

Доўга ці не доўга ехалі яны — трапляецца ім насустрач стары чалавек.

— Дзень добры, малойцы!

— Добры дзень, дзядуля!

— Куды гэта вы едзеце?

— Едзем мы з паганым цудам-юдам біцца, змагацца, родную зямлю бараніць!

— Добра гэта, добра! Толькі для бою трэба вам не дубінкі, а мячы булатныя.

— А дзе ж іх дастаць, дзядуля?

— А я вас навучу. Едзьце вы, добрыя малойцы, усё прама і прама. Даедзеце вы да высокай гары. А ў той у гары — пячора глыбокая. Уваход у яе вялікім каменем завалены. Адваліце камень, зайдзіце ў пячору і знойдзеце там мячы булатныя.

Падзякавалі браты прахожаму і паехалі прама, як ён навучаў. Бачаць — стаіць гара высокая, з аднаго боку вялізны шэры камень прывалены. Адвалілі браты той камень і ўвайшлі ў пячору. А там зброі ўсялякай — і не злічыць! Выбралі яны сабе па мячу і паехалі далей.

— Дзякуй,— кажуць,— прахожаму чалавеку. З мячамі нам куды зручней біцца будзе!

Ехалі яны, ехалі і прыехалі ў нейкую вёску, Глядзяць — наўкол ніводнай жывой душы не відаць. Усё спалена, паламана. Стаіць адна маленькая хатка. Зайшлі браты ў хатку. Ляжыць на печы бабулька ды вохкае.

— Добры дзень, бабуся! — кажуць браты.

— Дзень добры, малойцы! Куды едзеце?

— Едзем мы, бабуся, на раку Смародзіну, на калінавы мост. Хочам з цудам-юдам біцца, на зямлю сваю не пусціць яго.

— Ох, малойцы, за добрую справу ўзяліся! Ен жа, злыдзень, усіх спустошыў, разграбіў! I да нас дабраўся. Толькі я адна тут ацалела...

Пераначавалі браты ў бабулі, назаўтра рана-раненька ўсталі і рушылі зноў у дарогу.

Пад'язджаюць да самай ракі Смародзіны, да калінавага моста. Па ўсім беразе ляжаць мячы ды лукі паламаныя, валяюцца косці чалавечыя... Знайшлі браты пустую хатку і парашылі спыніцца.

— Ну, браткі,— кажа Іван,— заехалі мы далёка ад роднай зямлі, трэба нам да ўсяго прыслухоўвацца ды прыглядацца. Давайце па чарзе ў дазор хадзіць, каб цуда-юда цераз калінавы мост не прапусціць.

Першай ноччу пайшоў у дазор старэйшы брат. Пахадзіў ён па беразе, паглядзеў за раку Смародзіну — усё ціха, нікога не відаць, нічога не чуваць. Лёг старэйшы брат пад ракітавы куст і заснуў моцна, ажно захроп.

А Іван ляжыць у хатцы — не спіцца яму, не дрэмлецца. Як надышла поўнач, узяў ён свой меч булатны і падаўся да ракі Смародзіны.

Глядзіць — пад кустом старэйшы брат спіць. на ўсю моц храпе. Іван не захацеў яго будзіць. Схаваўся пад калінавы мост, стаіць, пераезд вартуе.

Раптам на рацэ вада хвалямі пайшла, на дубах арлы заклекаталі — пад'язджае цуда-юда шасцігаловае.

Выехала цуда-юда на сярэдзіну калінавага моста — конь пад ім спатыкнуўся, чорны крумкач на плячы страпянуўся, ззаду чорны сабака натапырыў поўсць.