Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 13

Леў Мікалаевіч Талстой

ЯК ЛІСІЦА ВУЧЫЛАСЯ ЛЯТАЦЬ

Сустрэўся з лісіцаю журавель:

— Што, лісіца, ці ўмееш лятаць?

— Не, не ўмею.

— Садзіся на мяне, навучу. Села лісіца на жураўля. Падняў яе журавель высока-высока.

— Што, лісіца, ці бачыш зямлю?

— Ледзь бачу, з аўчынку зямля здаецца!

Журавель і скінуў яе з сябе. Лісіца ўпала на мяккае месца, на капу сена.

Журавель падляцеў:

— Ну як, умеет, лісіца, лятаць?

— Лятаць-то ўмею — садзіцца цяжка!

— Сядай зноў на мяне, навучу. Села лісіца на жураўля. Яшчэ вышэй падняў ён яе і скінуў з сябе.

Упала лісіца на балота: на тры сажні правалілася ў зямлю.

Так лісіца і не навучылася лятаць.

ГЛІНЯНЫ ХЛОПЕЦ

Жылі-былі дзед ды баба. Не было ў іх дзяцей. Баба і кажа:

— Дзед, дзед, вылепі з гліны хлапчыну, нібыта і сын будзе.

Дзед вылепіў з гліны хлапчыну. Паклаў яго на печ сушыць. Высах хлопец і пачаў прасіць есці:

— Дай, бабка, малака кадушку ды бохан хлеба з падушку.

Прынесла яму баба гэта, а ён з'еў усё і зноў просіць:

— Есці хачу! Есці хачу!

I з'еў у дзеда з бабай увесь хлеб, выпіў усё малако і зноў крычыць:

— Есці хачу! Есці хачу!

Няма чаго яму больш даць. Гліняны хлопец саскочыў з печы і з’еў бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай — і падаўся на вуліцу.

Ідзе насустрач бык. Гліняны хлопец кажа яму:

— З’еў я хлеба пяць боханаў-падушак, малака пяць кадушак, бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай— і цябе, бык, з'ем!

Ды і з'еў быка.

Ідзе далей. Насустрач дрывасекі з тапарамі. Гліняны хлопец і кажа:

— З'еў я хлеба пяць боханаў-падушак, малака пяць кадушак, бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай, быка з рагамі — і вас усіх з'ем.

I з'еў дрывасекаў з тапарамі.

Ідзе далей. Насустрач яму мужыкі з косамі ды бабы з граблямі.

Гліняны хлопец ім кажа:

— З'еў я хлеба пяць боханаў-падушак, малака пяць кадушак, бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай, быка з рагамі, дрывасекаў з тапарамі — і вас усіх з'ем!

З'еў мужыкоў з косамі ды баб з граблямі і далей пайшоў. Сустрэў гліняны хлопец казла і кажа:

— З'еў я хлеба пяць боханаў-падушак, малака пяць кадушак, бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай, быка з рагамі, дрывасекаў з тапарамі, мужыкоў з косамі, баб з граблямі — і цябе, казёл, з'ем!

А казёл яму кажа:

— Ды ты не турбуйся, стань пад горкай, а я падымуся на горку, разганюся ды табе ў рот і скочу.

Стаў гліняны хлопец пад горкай, а казёл разагнаўся з гары ды рагамі ў пуза як дасць! Тут і рассыпаўся гліняны хлопец.

I выйшлі з пуза бабка з прасніцай, дзядок з кавенькай, бык з рагамі, дрывасекі з тапарамі, мужыкі з косамі ды бабы з граблямі.

Усіх казёл выбавіў.

ІВАН СЯЛЯНСКІ СЫН І ЦУДА-ЮДА

Не далёка і не блізка, у адным краі-старане жылі-былі дзед і баба, і было ў іх тры сыны. Малодшага звалі Іванка. Жылі яны — не гаравалі, з раніцы да ночы працавалі: поле аралі ды збажыну засявалі.

I пайшлі раптам па тым краі нядобрыя чуткі: збіраецца цуда-юда паганае на іхнюю зямлю напасці, усіх людзей са свету звесці, усе гарады-сёлы агнём спапяліць. Затужылі дзед з бабаю, забедавалі. А старэйшыя сыны суцяшаюць іх:

— Не бядуйце, татуля і матуля! Пойдзем мы на цуда-юда, будзем з ім біцца насмерць! А каб вам адным не тужыць, няхай з вамі Іванка застаецца жыць: ён яшчэ малады, каб у бой ісці.