Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 5

Міхась Чарняўскі

У выніку гэтай перамогі ды іншых поспехаў Альгерда паўднёвыя межы нашай дзяржавы перасунуліся з Кіеўшчыны — Прыкарпацця да дняпроўскіх парогаў. У абсягі Вялікага Княства былі ўлучаныя болынасць земляў, заселеных украінскім земляробчым насельніцтвам, шматлікія вёскі і гарады. Беларуская конніца выйшла нават на берагі Чорнага мора ў вусцях Дняпра і Буга.

Разгром татараў на Сініх Водах паклаў канец болын як стогадоваму панаванню іх ва Украіне, распачаў вызваленне Усходняй Еўропы з-пад ардынскага прыгнёту.

Бітва пад Грунвальдам

На пачатку трынаццатага стагоддзя ў Прыбалтыцы аселі нямецкія рыцары. Яны былі аб'яднаныя ў манаскія ордэны — вайсковыя арганізацыі рыцараў-манахаў. Ордэн крыжаносцаў, або тэўтонцаў, неабачліва запрошаны мазавецкім (польскім) князем, замацаваўся між нізавінамі Віслы і Нёмана. А ордэн мечаносцаў, або лівонцаў, на згоду полацкага князя атабарыўся на зямлі сённяшніх Латвіі ды Эстоніі.

Мазаўшанам рыцары абяцалі абарону ад паганцаў-прусаў, а палачанам — даніну з паганцаў-ліваў. Акрамя таго, полацкім купцам дакляравалі выгады ад гандлю з нямецкімі партовымі гарадамі. На справе ж рыцары не толькі заняволілі нехрысціянскія балцкія і фінскія народы Прыбалтыкі, але і пачалі наступ на ўласныя землі Беларусі і Полыпчы. Гэтым распачалося збройнае супрацьстаянне нашых продкаў з германцамі, якое доўжылася болып за два стагоддзі.

Пасля Крэўскай вуніі 1385 года ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе склаўся магутны альянс (гэта значыць хаўрус) дзвюх славянскіх дзяржаў — Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Уладанні гэтага альянсу распасціраліся ад Балтыйскага да Чорнага мора і ад правабярэжных прытокаў Одры на захадзе да вышнявіны Волгі на ўсходзе. Вільня і Кракаў атрымалі магчымасць не толькі ўзгадняць замежную палітыку, але пры патрэбе і аб'ядноўваць свае збройныя намаганні. А патрэба была пільная — адпор нямецкаму рыцарству, асабліва крыжаносцам, якім ужо мала было прускай зямлі.

Крыжаносцы (або, як іх часта называюць, крыжакі) зразумелі, што гэтае аб'яднанне небяспечнае для іх. I таму ўзяліся гуртаваць сілы для канчатковага ваеннага паквітання. Заклікалі на дапамогу валадароў еўрапейскіх дзяржаў, збіралі за вялікія грошы і абяцаную будучую здабычу наймітаў-авантурыстаў. Назапашвалі зброю, харчы, рыштунак.

З свайго боку і хаўруснікі рыхтаваліся да вялікай вайны. Каралю Уладзіславу Ягайлу абяцалі падтрымку чэхі, нашаму вялікаму князю Аляксандру Вітаўту — сын Тахтамыша, былога хана Залатой Арды. Наўзамен той спадзяваўся на дапамогу ў барацьбе за панаванне над волжскімі і данскімі стэпамі. Вялікае Княства ўмацавала свае ўсходнія рубяжы, вымусіўшы Маскву ўвосень 1408 года замірыцца. А тады ўсю ўвагу зноў скіравала на Прыбалтыку. Таму тут, з ініцыятывы Вітаўта, на пачатку 1409 года пачалося антыкрыжацкае паўстанне жамойтаў.