Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 7

Міхась Чарняўскі

На Грунвальдскіх палях насупраць шыхтоў Вітаўта і Ягайлы яшчэ з ночы сталі крыжакі з сваімі памагатымі, сабранымі з усёй Еўропы. Было іх каля 30 тысяч, гэта прыкметна меней, чым нашых войскаў. Аднак яны бралі вайсковым майстэрствам і ўзбраеннем. Да таго ж немцы моцна разлічвалі на артылерыю (блізу сотні бамбардаў), якую ў палявых умовах выкарыстоўвалі ўпершыню. Спадзяваліся таксама на заслон арбалетнікаў і на замаскаваныя воўчыя ямы, выкапаныя перад пазіцыямі.

Некалькі ранішніх гадзін бітва не распачыналася. Крыжакі не хацелі сыходзіць з узвышша. Хаўруснікі, маючы ў заплеччы лясістую мясцовасць, таксама не спяшаліся наступаць. Бо атака праз лагчыну на схілы ўзгоркаў ставіла іх у невыгоднае становішча.

Урэшце на рашучыя дзеянні наважыліся вялікакняскія харугвы, якія выкарысталі тактыку стэпавых ваяроў. Трэба было выцягнуць крыжакоў на сябе, парушыць іх закаваныя ў жалеззе шыхты. Таму ў першую атаку пайшлі лёгкаўзброеныя вершнікі і татары. Пад залпамі бамбардаў, бранябойнымі джаламі арбалетных стрэлаў, праз воўчыя ямы, трацячы сотні таварышаў, дасягнулі яны рыцарскіх шыхтоў. I закіпела сеча. Цяжка крануліся крыжацкія харугвы, рушылі наперад. Вялікі магістр Ордэна Ульрых фон Юнгінген убачыў, як адступаюць пярэднія харугвы Вітаўтавага войска. I скіраваў на іх галоўны ўдар.

Рыцарскія кліны набліжаліся ўжо да вялікакняскага абозу. Выцягнуўшыся наўскос, яны падстаўлялі свой бок удару цэнтральнай групоўкі хаўрусных войскаў. Аднак Ягайла пазніўся. Ён усё маліўся, мабыць спадзеючыся на нябесны цуд. I на крыле вялікакняскага войска склалася крытычная сітуацыя. Некаторыя харугвы ўжо адступалі па-сапраўднаму, не могучы даць рады нямецкаму націску. Іншыя ляглі пад цяжкімі крыжацкімі мячамі. На сутыку з польскім войскам сплывалі крывёю, але апантана секліся з ворагам смаленскі, амсціслаўскі і аршанскі палкі, узначаленыя князем Сымонам Альгердавічам.

Вітаўт паімчаў да караля, заклікаючы распачаць наступ і польскім левым крылом. Ягайла падаў знак сваім ваярам. Зайгралі баявыя трубы, і наперад рушылі каралеўскія рыцарскія харугвы. Наш вялікі князь зноў павярнуў на крыжакоў свае, хоць і парадзелыя, сілы, наносячы флангавы ўдар. У Грунвальдскай бітве наступіла імгненне найвялікшага напружання. Як пісаў тагачасны гісторык Ян Длугаш, усчаўся такі шум і грукат ад ламання дзідаў і ўдараў аб панцыры, нібыта бурылася нейкая вялізная будыніна, і такі моцны ляскат мячоў, што яго выразна чулі ў наваколлі за некалькі міляў. Нага наступала на нагу, панцыры грукалі аб панцыры, і вастрыі дзідаў кіраваліся ў твары ворагаў. Калі ж харугвы зышліся, то нельга было адрозніць нясмелага ад адважнага, мужнага ад баязліўца. Бо і тыя і другія згрувасціліся ў нейкі клубок. Немагчыма было ні перамяніць месца, ні прасунуцца на які крок, пакуль пераможца, скінуўшы з каня або забіўшы праціўніка, не займаў месца пераможанага. Нарэшце, калі дзіды былі пераламаныя, шэрагі таго і другога боку і панцыры з панцырамі гэтак шчыльна зышліся, што выдавалі пад ударамі мячоў і сякер страшэнны грукат, быццам молаты ў кузні. I людзі біліся, душаныя коньмі. I тады сярод змагароў самы адважны Марс (так старажытныя рымляне называлі бога вайны) мог быць заўважаны толькі па руцэ і мячы.