Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 6

Міхась Чарняўскі

Крыжакі, не чакаючы задзіночвання каралеўскіх і вялікакняскіх войскаў, улетку 1409 года напалі на паўночную Полынчу і захапілі вялікія абшары. Іх даўні прыхільнік вугорскі кароль Сігізмунд Люксембургскі не мог збройна ўмяшацца ў канфлікт. Ён спрабаваў пабурыць хаўрус, спакушаючы вялікага князя Вітаўта каралеўскай каронай. Але без поспеху. Да таго ж польскія войскі перайшлі ў наступ і адбілі шэраг гарадоў і замкаў. Праўда, абодва бакі яшчэ не падрыхтаваліся як мае быць да зацяжной вайны. Таму ўвосень было падпісанае замірэнне да наступнага лета.

Пры канцы 1409 года Вітаўт з Ягайлам на таемнай нарадзе ў Берасці выпрацавалі дэталёвы план будучых ваенных дзеянняў. Усю зіму і вясну ішла падрыхтоўка. У пушчах ладзіліся паляванні, каб назапасіць мяса дзічыны для шматтысячных войскаў. А ў канцы траўня 1410 года ў Горадню над Нёманам пачалі збірацца палкі-харугвы з усяго Вялікага Княства — з Беларусі, паўночнай Украіны і Летувы. Да іх далучыліся загоны татарскіх вершнікаў, аддзелы іншых хаўруснікаў.

30 чэрвеня, праз шэсць дзён пасля сканчэння замірэння, каля Чэрвінска на Вісле нашыя войскі злучыліся з польскімі. Іх лік тагачасныя летапісцы падаюць па-рознаму. Улічваючы іхную схільнасць да пераболынвання, гісторыкі мяркуюць, што Ягайла і Вітаўт прывялі пад сваімі сцягамі блізу 40 – 45 тысяч ваяроў. Уранку 6 ліпеня задзіночаныя войскі пераступілі прускую мяжу і пачалі рух углыб варожай тэрыторыі. Каля брадоў на рацэ Дрвенцы шлях ім заступілі крыжакі і нанятае еўрапейскае рыцарства.

Праціўнік займаў выгоднае становішча і быў поўнасцю падрыхтаваны да бітвы. Хаўруснікам жа трэба было пад гарматным і лучным абстрэлам пераходзіць водную плынь, прадзірацца праз абарончыя частаколы, мячом здабываць плацдарм на другім беразе. Правільна ацаніўшы сітуацыю, Вітаўт і Ягайла павярнулі на ўсход, каб перайсці раку на вышнявіне. А ўначы з 14 на 15 ліпеня іхныя войскі былі пад Грунвальдам (у беларускіх летапісах гэтая вёска называецца Дуброўна), дзе ўжо размясціліся крыжацкія сілы. I з першымі промнямі сонца нашыя ваяры пачалі станавіцца ў баявыя шыхты.

Паміж невялікімі вёскамі Грунвальд (у перакладзе з нямецкай — Зялёны Лес), Танэнбэрг (Ялінавая Гара) і Людвігсдорф (Ладвігова) прасціралася шырокае поле будучай бітвы. Палкі-харугвы Ягайлы і Вітаўта трыма лініямі расцягнуліся паміж Ладвіговам і далінай рэчкі. Левае крыло займала 51 харугва каралеўскіх войскаў, складзеных у асноўным з палякаў. Былі ў ім таксама найміты з Чэхіі і Маравіі, а таксама некалькі харугваў з галіцкай Украіны. Сорак харугваў Вітаўта занялі пазіцыю праваруч ад палякаў. Сярод іх былі харугвы Віленская, Гарадзенская, Наваградская, Лідская, Полацкая, Віцебская, Ваўкавыская, Берасцейская, Пінская, Старадубская, Дарагічынская, Смаленская, Мельніцкая, Кіеўская, Крамянецкая, Ковенская, Троцкая, Медніцкая, палкі гарадоў і ўдзельных князёў. 19 нашых харугваў летапісец не называе, але і так відаць, што балыпыня вялікакняскіх ваяроў паходзіла з беларускіх земляў. Яны выйшлі змагацца пад сцягамі з выявай нашага старажытнага герба «Пагоня», якія вялікі князь уручыў перад бітвай трыццаці сваім палкам.