Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 27

Міхась Чарняўскі

Выбітых з такой цяжкасцю з фальварка маскоўскіх пяхотнікаў высекла ў чыстым полі конніца.

Цяжка было раз'юшаным жаўнерам звязаць рукі і выбілі яны тры тысячы да аднаго», — быццам апраўдваючыся, пісаў потым Павел Сапега.

Пыхлівыя заваёўнікі ратаваліся ўцёкамі, гінучы пад шаблямі сапегаўцаў і ваяроў Чарнецкага. Трапіў у палон ПІчарбаты, загінуў другі маскоўскі ваявода — Змееў.

3 дзвюма шабельнымі ранамі галавы сам Хаванскі панічна пабег пад Ляхавічы. Ён хацеў прыхапіць рэшту ацалелага войска і пад яго аслонай уратавацца. Наступнай ночы ён быў ужо ў Менску. Адтуль памкнуў далей на ўсход. Дыханне перавёў толькі ў Смаленску.

У кінутым уцекачамі лагеры пад Ляхавічамі пераможцам дасталіся вялізныя трафеі. Асабліва радаваўся Павел Сапега шматлікай артылерыі, запасам пораху. Было тут таксама багата мукі і болын як сем тысяч нарабаваных у сялян кароў.

Паводле сведчання Шчарбатага, пад Палонкай загінула 16 тысяч маскоўцаў. Гэта быў поўны разгром галоўнай царскай арміі, якая тады дзейнічала ў Беларусі, і карэнны пералом у ходзе вайны. Ад Палонкі пачалося выгнанне захопнікаў з нашай зямлі. У тылах праціўніка з новай сілай разгарнулася народная партызанская барацьба. Неўзабаве войскі Сапегі і Чарнецкага былі ўжо пад Барысавам. Гэтым жа летам вызваленне святкавалі яшчэ ацалелыя жыхары гарадоў Крычава, Шклова, Амсціслава. Некаторыя загоны беларускіх вершнікаў падышлі ажно да Смаленска.

На Падняпроўі і Падзвінні пад акупацыяй яшчэ заставаліся некаторыя абшары і такія гарады, як Полацак і Віцебск, але вайна ўжо хілілася да свайго канца. Яшчэ некалькі гадоў працягваліся паходы і бітвы. Былі бліскучыя перамогі, здараліся і паразы. Ды ўсё гэта ўжо адбывалася на ўсходнім і паўночнаўсходнім памежжы нашай дзяржавы, на Смаленшчыне, Браншчыне. Пошугі ваеннай актыўнасці чаргаваліся з мірнымі перамовамі.

I нарэшце на самым пачатку 1667 года ў вёсцы Андросаве пад Смаленскам паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было падпісанае замірэнне. Да Масквы адыходзілі ўсходнебеларускія землі — Смаленшчына і заходняя Браншчына, а таксама левабярэжная Украіна і Кіеў. Аднак маскоўскаму цару не ўдалося здзейсніць свой асноўны намер — захапіць усю Беларусь, знішчыць нашу дзяржаву. Ён дамогся толькі аднаўлення мяжы, якая існавала ранейшымі часамі.