Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 3

Міхась Чарняўскі

Спрабавалі палачане рухацца да мора і праз Вяллю ды Нёман, хоць гэтыя рэкі былі і нязначным адгаліненнем шляху «з варагаў у грэкі». Клін іх каланізацыі прасунуўся ажно за сённяшнюю Вільню. Апорнымі пунктамі тут былі Крывы Горад пры вусці Віленкі, Лоск (на поўначы Валожыншчыны) ды іншыя замкі.

У канцы трынаццатага стагоддзя германскія хрысціянскія місіянеры папрасілі ў тагачаснага полацкага князя Валодшы дазволу пасяліцца ў вусці Дзвіны, за гэта яны абяцалі яму «ліўскую даніну». Князь дазволіў, што было ягонай страшнай памылкай. За святарамі з'явіліся рыцары. У 1201 годзе ў вусці Дзвіны быў закладзены горад Рыга і збудаваны мураваны замак. А налета тут асталяваўся нямецкі ордэн манахаў-рыцараў, якія называлі сябе мечаносцамі. Узброеныя заморскія прыхадні пачалі ўзводзіць новыя замкі і прасоўвацца ўверх па Дзвіне і яе прытоках. Яны захоплівалі землі падпарадкаваных Полацку мясцовых плямёнаў. Полацкі князь Валодша і асабліва валадары тутэйшых княстваў арганізавалі супраціў гэтаму наступу. Сярод іх асаблівай стойкасцю і мужнасцю вызначыўся Вячаслаў (Вячка) Кукенойскі. Аднак латышскія апалчэнцы і полацкія дружыны ўрэшце вымушаныя былі адступіць перад высокімі каменнымі сценамі ды закаванымі ў жалеза рыцарамі. Да таго ж у 1216 годзе, якраз рыхтуючы вызваленчы паход на Рыгу, нечакана памёр полацкі князь Валодша. Па нейкім часе, абараняючы эстонскі горад Тарту, загінуў і Вячка. А праз паўстагоддзя ўся тэрыторыя Латвіі была захопленая мечаносцамі. I наша краіна, такім чынам, была адрэзаная ад Балтыкі. Ажно да другой паловы шаснаццатага стагоддзя.

Аднак гордыя палачане заўсёды памяталі, што іх продкі жылі ў дзяржаве, якая выходзіла да шырокага мора. Нездарма на старажытным гербе іх горада красуецца марскі трохмачтавы карабель з узнятымі ветразямі.

Бітва на Сініх Водах

У 1223 годзе на рацэ Калцы пры паўночным узбярэжжы Азоўскага мора адбылася першая сутычка аб' яднаных усходнеславянскіх і палавецкіх войскаў з татара-мангольскімі ордамі. Крывавая сеча скончылася паразай хаўруснікаў. У высокую стэпавую траву ляглі і дружыны з беларускіх княстваў. Праз 14 гадоў Бату-хан выніпгчыў Разанскую зямлю, а ў 1240 годзе захапіў і Кіеў. Пачаўся татара-мангольскі прыгнёт, які доўжыўся ў Масковіі амаль два з паловай стагоддзі. Прыхадні з далёкіх азійскіх стэпаў спрабавалі захапіць і Беларусь. Але нашыя прадзеды паспелі згуртавацца, утварыўшы моцнае гаспадарства — Вялікае Княства Літоўскае. Да таго ж яны прайшлі суровую баявую школу ў змаганнях з рыцарамі нямецкіх манаскіх ордэнаў. Таму захопнікі былі спыненыя на Палессі і пад Смаленскам.

Калі наша дзяржава ўзмацнілася, яна распачала экспансію на суседнія абшары. Увагу князёў найперш прыцягнулі ўрадлівыя землі Украіны, што плаціла цяжкую даніну татара-мангольскай Залатой Ардзе. Да таго ж там жыло адзінавернае хрысціянекае насельніцтва, блізкае беларусам па мове.

Увосень 1362 года вялікі князь Альгерд, сабраўшы войскі, пераправіўся на правы бераг Прыпяці. Па дарозе на поўдзень да яго далучыліся з сваімі дружынамі сыны наваградскага князя Карыята. Яны валодалі землямі на паўночным захадзе Украіны і таксама былі зацікаўленыя ў аслабленні татарскага панавання. Мінуўшы Канеў і Чаркасы, войскі выйшлі да ракі Сінюха (Сінія Воды). Гэта левабярэжны прыток Паўднёвага Буга. Там, як піша летапісец, «указалася ім у полю вялікая арда з трыма царыкамі, на тры абозы раздзеленая». Гэта былі татары, якія тады валадарылі ў Крыме, на Паўночным Прычарнамор'і і ў Падольскай зямлі. На чале іх былі ханы Кутлубуга, Качубей і Дзімітр.