Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 24

Міхась Чарняўскі

Аднак туркам было яшчэ горш. Іх таксама ціснуў голад, але болын за ўсё нязвычны восеньскі холад.

Шыхты іх прыкметна радзелі пад кулямі і шаблямі, ад хваробаў і дэзерцірства. Упаў маральны дух. Не дапамагала нават жорсткае пакаранне баязліўцаў смерцю. Трацілася спадзяванне на паход да Балтыкі. Яшчэ ў пачатку бітвы Асман абвясціў, што не будзе есці, пакуль не возьме лагер няверных. Але пазней султан ўжо не ўспамінаў пра тое абяцанне.

Становішча нашых войскаў ускладніў благі стан здароўя Яна Караля Хадкевіча. Шасцідзесяцігадовы пасівелы ваяр быў змучаны амаль бесперапыннымі паходамі і бітвамі, цяжкой хваробай нырак, прыступамі падучкі. Ён дажываў апошнія дні. 23 верасня, ужо бязмоўны, абкружаны военачальнікамі, ён перадаў гетманскую булаву свайму наступніку, а назаўтра па абедзе сэрца вялікага сына беларускай зямлі перастала біцца.

«Пан гетман памёр, а з ім вялікае шчасце Айчыны мілай» — занатаваў сучаснік.

Акрыленыя весткай пра смерць Хадкевіча, туркі зноў кінуліся да валоў Хацінскага лагера. Адбылося некалькі новых прыступаў. Асабліва цяжка было запарожцам і беларускім лёгкаўзброеным аддзелам — лісоўчыкам. Але гэта былі апошнія канвульсіі параненага звера. У асманаў быў яшчэ порах для бітвы, але ўжо не ставала ні сілы, ні волі.

Нарэшце пачаліся перамовы, якія 9 кастрычніка скончыліся падпісаннем замірэння. Паводле яго, мяжу паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй пакідалі ранейшай. Гэта была перамога! А ў абаронцаў Хаціна на той дзень заставалася толькі адна бочка пораху…

I рушылі на поўдзень турэцкія войскі. Знясіленыя, дэмаралізаваныя. Вярнуўся ў Стамбул і пераможаны султан. А праз год яго забілі ўзбунтаваныя янычары.

Поспех пад Хацінам засведчыў, што магутнасць Асманскай імперыі ўжо пачала хіліцца да заняпаду. Ён паказаў таксама, што аб'яднаныя намаганні палякаў, беларусаў, украінцаў ды іншых народаў Рэчы Паспалітай могуць прыводзіць да перамог нават над самымі шматлікімі арміямі тагачаснага свету. Пасля Хаціна туркі яшчэ імкнуліся працягваць экспансію. Пад канец стагоддзя яны нават спрабавалі захапіць Вену. Але кожны раз цярпелі паразу. I нарэшце пачалі траціць свае заваёвы ў Еўропе, адступаць да азійскіх берагоў Міжземнага мора.

Бітва пад Палонкай

Вайна з Масквой 1654 – 1667 гадоў была самай жахлівай і крывавай старонкай у беларускай гісторыі. Трынаццаць гадоў варожыя войскі, якія прыходзілі з усходу — з боку Маскоўшчыны і з поўдня — з Украіны, вынішчалі наш край. У выніку Беларусь страціла больш за палову свайго насельніцтва. Некаторыя ж нашыя землі, найбольш ўсходнія, амаль цалкам абязлюдзелі. Сотні тысяч жыхароў, асабліва майстроў і рамеснікаў, былі выведзены палонам на ўсход. Гарады і сёлы ляжалі ў руінах і папялішчах. Само існаванне Вялікага Княства знаходзілася ў смяротнай небяспецы. Расейскі цар Аляксей Міхайлавіч намерваўся заваяваць яго цалкам. У самым пачатку вайны, пасля захопу Смаленшчыны, ён нават дадаў да свайго тытула згадку, што ужо з'яўляецца гасударом і «Белыя Русі». На нашае Падняпроўе прэтэндавала і украінскае казацтва Багдана Хмяльніцкага.