Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 23

Міхась Чарняўскі

Перад войскам ставілася задача вытрымаць націск перасяжных сілаў ворага, які да таго ж меў найлепшую ў Еўропе артылерыю, і знясіліць яго контратакамі.

Палкаводзец умела мацаваў баявы дух сваіх ваяроў. Гарачлівы імпэт маладога султана, напрыклад, ён пракаментаваў беларускай прымаўкай:

«Сярдзіты сабака — ваўкам страва».

Калі ж зайшла размова пра вялікую колькасць туркаў, гетман дасціпна прапанаваў палічыць іх шабляй.

2 верасня 1621 года пад Хацін падышлі першыя турэцкія загоны. Яны з ходу распачалі атаку на запарожцаў, якія яшчэ не скончылі ўмацоўваць свой табар. Нягледзячы на вялікія страты ад казацкіх стрэльбаў-рушніц, янычары прабіліся да лініі абарончых вазоў. I на іх закіпела сеча. Гетман паслаў на дапамогу запарожцам нямецкую і польскую пяхоту. Вывеў за насыпныя валы іншыя свае харугвы, натхняючы да бітвы:

«Зваліцеся на гэтых нягоднікаў, змятайце іх ацяжэлыя турбанамі галовы ёмкім пакосам шабляў. Вось Днестр ззаду непраходны, а вось наўкол залева турэцкіх і татарскіх сціжмаў. Няма ніякай спадзеўкі на ўцёкі — тут нам біцца і перамагчы або загінуць кажа неабходнасць!».

Туркі пачалі адыходзіць і толькі моцны гарматны агонь прыпыніў наступ войскаў Хадкевіча.

I так дзень пры дні распачаліся зацятыя прыступы туркаў, ураганныя абстрэлы. Нагпы войскі адказвалі контратакамі, смелымі начнымі вылазкамі.

Можа, найцяжэйшым стаў дзень 7 верасня. Да абеду туркі вялі знішчальны гарматны абстрэл казацкага табару і раз-пораз спрабавалі яго атакаваць. У абед жа султан знянацку пачаў наступ на сутык абароны войскаў Вялікага Княства з палком польскага каралевіча Уладзіслава. Ляглі пад янычарскімі шаблямі дзве перадавыя роты. Затым туркі праламалі абарону польскай і нямецкай пяхоты і ўварваліся ў глыбіню лагера. Хадкевіч, імгненна ацаніўшы смяротную небяспеку, паслаў на небяспечны ўчастак спешаных ваяроў казацкага строю. Праціўнік быў адкінуты за вал. Раз'ятраны няўдачай, Асман кінуў на ўмацаванні новыя войскі. I тады наш гетман выкарыстаў сваю выпрабаваную моц. Праз «ліцьвінскую» браму былі выведзены найлепшыя харугвы беларускіх гусараў пад камандай Мікалая Сяняўскага, Мікалая Зяновіча, Пятра Апалінскага, Яна Рудаміны, Аляксандра Сапегі. Узначаліў вылазку сам Ян Кароль Хадкевіч.

Каля тысячы вершнікаў ударылі ў фланг варожых сціжмаў. Хоць туркі напачатку і адчайна супраціўляліся, але іх шыхты былі змятыя цяжкімі коньмі, прабітыя гусарскімі пікамі, працярэбленыя шаблямі. Мусульмане не вытрымалі перад скрышальным напорам нашых малайцоў з-над Дняпра, Дзвіны і Нёмана. I толькі цемра спыніла вынішчэнне туркаў. Гэтая гусарская атака пад Хацінам гучным рэхам разляцелася па ўсёй Еўропе.

Гусарскія шаблі працверазілі султана. Пры такіх стратах пад ўмацаваннямі «няверных» у яго неўзабаве магло зусім не застацца ваяроў. Тады туркі змянілі тактыку. Яны намерыліся шчыльна заблакаваць войскі Рэчы Паспалітай. I частымі артылерыйскімі абстрэламі, дробнымі наскокамі асобных загонаў імкнуліся знясіліць іх, вымучыць голадам, хваробамі і прымусіць да капітуляцыі.

А становішча войскаў Хадкевіча сапраўды рабілася цяжкім. Шмат ваяроў было страчана ў штодзённых бітвах і сутычках з праціўнікам. Параненыя і хворыя перапаўнялі намёты. Бракавала пораху, не ставала харчавання. Даволі было толькі мяса, бо без аўса і сена гінулі коні. Найцяжэй было ўкраінцам. Корм сваім коням яны вымушаны былі здабываць ў часе контратак — пярэднія секліся з туркамі, а заднія наразалі ў мяхі траву.