Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 22

Міхась Чарняўскі

Бітва пад Хацінам

Суседам Рэчы Паспалітай на поўдні была Асманская імперыя. Гэта магутная дзяржава туркаў-асманаў, якая ўсталявалася на руінах Візантыі. Да пачатку сямнаццатага стагоддзя іх ўладанні ўжо прасціраліся на велізарныя прасторы Пярэдняй Азіі, паўночнай Афрыкі, паўднёваўсходняй Еўропы. На поўначы яны падступалі пад Вену і Альбоў.

Праўда, працяглы час дачыненні паміж Імперыяй і Рэччу Паспалітай не былі асабліва напружанымі. Асноўным сваім праціўнікам у Еўропе туркі лічылі Вугоршчыну і Аўстрыю, праз якія яны хацелі прабіцца ў Цэнтральную Еўропу. Справу ўскладнялі толькі падпарадкаваныя ім крымскія татары — сваімі рабаўнічымі нападамі на ўкраінскія землі, ды запарожскія казакі, якія ў адказ спусташалі ўзбярэжжы Чорнага мора.

На пачатку ж сямнаццатага стагоддзя абвастрылася суперніцтва за валоданне землямі гістарычных вобласцяў сённяшняй Румыніі — Малдавіі і Валошчыны. Да таго ж Варшава выразна выказалася за вайскова-палітычны альянс з Венай, якая супрацьстаяла навале з нізавіны Дуная. Усё гэта ўрэшце прывяло да войнаў нашых продкаў з туркамі, якія доўжыліся амаль стагоддзе.

Ініцыятарамі ваенных дзеянняў сталі фактычна ўкраінска-польскія магнаты. Увосень 1620 года іх войскі ўварваліся ў Малдавію, але былі разгромленыя туркамі. Загінуў і сам польскі гетман. Акрылены такой лёгкай перамогай, малады і ганарлівы султан Асман II пачаў збіраць усю сваю моц для паходу на Рэч Паспалітую. Ён хваліўся, што хоча дасягнуць берагоў Балтыйскага мора.

Разумеючы ўсю паважнасць небяспекі, да адпору энергічна рыхтавалася і Варшава з Вільняй. Збіралі грашовыя сродкі, мабілізавалі войскі. Аднак напачатку паўстала пытанне пра военачальніка. Пасля нядоўгіх развагаў выбралі Яна Караля Хадкевіча, праслаўленага ў бітвах з шведамі ў Інфлянтах і ў змаганні з Маскоўшчынай.

На прызначэнне гетманам Хадкевіча не ў апошнюю чаргу паўплывала тое, што да змагання з туркамі ахвотна далучыліся вопытныя ваяры з нашай краіны. Пад яго сцягі сталі загартаваныя на Марсавых палях харугвы гусарыі Мікалая Сяняўскага, Мікалая Зяновіча, Пятра Апалінскага, Яна Рудаміны, Мікалая Касакоўскага, Аляксандра Сапегі ды іншых слаўных ротмістраў. Тагачасны харвацкі паэт Іван Гундуліч напісаў пра Хацінскую вайну паэму «Асман». Там ён сярод іншага прыгадвае роты беларусаў, узброеных шаблямі і стрэльбамі.

Значныя збройныя сілы вылучыла Польшча. Былі таксама загоны з Інфлянтаў, найміты з Нямеччыны ды іншых еўрапейскіх земляў. Каля паловы ўсіх войскаў склалі ўкраінскія казакі. Усяго ж Рэч Паспалітая змагла сабраць блізу 60 тысяч жаўнераў. I гэта супраць турэцкіх сціжмаў, якіх (з слугамі і крымскімі татарамі) набралася да 150 тысяч.

Ян Хадкевіч быў геніем гусарскіх атак, калі крылатыя вершнікі знішчальнай віхурай змяталі шыхты любога праціўніка. Але на гэты раз, улічыўшы стасункі сілаў, ён выбраў пазіцыйную тактыку. Размясціў свой ўмацаваны лагер на правым беразе Днястра каля сцен старажытнага Хацінскага замка (сёння гэта памежжа Малдовы і Украіны). Гэты замак будавалі беларускія майстры яшчэ за Вітаўтам Вялікім.