Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 26

Міхась Чарняўскі

Спачатку быў выбіты маскоўскі гарнізон з Слоніма. Знішчаны аддзелы акупантаў пад Зэльвай, Галынкай і Дзярэчынам. Павел Сапега з-пад Жыровічаў паслаў некалькі загонаў ў кірунку Ляхавічаў. Ён хацеў адцягнуць на сябе хоць частку абложнікаў замка. Першая сустрэча з раз'ездам (пошукавым аддзелам) праціўніка закончылася паразай расейцаў. Ацалелыя рэшткі ўцяклі ў свой лагер пад Ляхавічамі. I тут царскі ваявода выступіў насустрач нашым войскам.

Звечара 24 чэрвеня дывізіі Сапегі (каля 6 тысяч) і Чарнецкага (4 тысячы) сталі ў баявыя шыхты. Цэнтр заняло войска Чарнецкага. На крылах пазіцыі размясціліся сапегаўцы: на правым — жаўнеры пад камандай Вайніловіча, на левым — на чале з Палубінскім. Маскоўскі ж ваявода ў цэнтры свайго войска паставіў пяхотнікаў і вершнікаў-райтараў, на левым крыле — конніцу князя Шчарбатага, а вершнікаў правага крыла ўзначаліў сам.

А 8 гадзіне раніцы наступнага дня Хаванскі, які меў войска болып як 20 тысяч чалавек, распачаў бітву. Першай пайшла ў атаку конніца той беларускай шляхты, якая яшчэ раней была змушаная прысягнуць на вернасць маскоўскаму цару. У часе пераправы цераз балоцістую рэчку яна трапіла пад моцны агонь рушніц, а затым была разбітая контратакай ваяроў Чарнецкага. Сам правадыр шляхты трапіў у палон. На дапамогу маскоўцы паслалі 6 тысяч пяхотнікаў. Ды на пераправе цераз тую ж рэчку яны былі заатакаваныя беларускімі і польскімі гусарамі. Вершнікі ў вадзе і на прыбярэжжы секлі ратнікаў Хаванскага. Пад агнём маскоўскай артылерыі пайшло ў наступ левае крыло беларускага войска. Грузнучы ў балоце, коштам вялікіх стратаў гусары Палубінскага прарваліся на сухазем'е. Вымкнуліся наперад таксама войскі цэнтра і правага крыла.

Хаванскі кінуў на дапамогу ратнікам рэшту сваіх сілаў — найлепшыя баярскія палкі і нямецкіх райтараў. Пакінуўшы ўжо за спіной нялёгкую пераправу, нашы войскі мелі толькі выбар: перамагчы або памерці. Жаўнерам трэба было вытрымаць і пераламаць ход змагання. I яны выстаялі.

Плячо да пляча секліся беларусы і палякі. Маскоўцы напачатку таксама націскалі з вялікім імпэтам. Ім, ужо прывыклым да перамог, калі амаль увесь беларускі край ляжаў пад нагамі, не выпадала ганьбіць сябе паразай. Але нашая зацятасць, нашая рашучасць адпомсціць за знішчаную, высечаную, змардаваную Бацькаўшчыну, за былыя няўдачы і прыніжэнні былі мацнейшыя.

Вось ужо маскоўскі ваявода паранены шабляй у галаву. Вось ужо радзеюць варожыя шыхты. Гасне бляск у баярскіх вачах, з'явілася разгубленасць на іх тварах. А тут харугвы Вайніловіча зайшлі збоку і імкліва ўдарылі ў фланг, потым зайшлі з тылу. I нарэшце праціўнік асаджвае разгарачаных коней, паварочвае назад. А нашы гусары і панцырныя нястрымна рвуцца наперад, і рукі з шаблямі не адчуваюць стомы.

Жаўнеры Вайніловіча пры атацы натрапілі на маскоўскую пяхоту з артылерыяй, што замацавалася ў фальварку. Удзельнік бітвы пад Палонкай пазней успамінаў гэты момант:

«Позна было агонь даваць, калі ляцеў град куль. Палеглі забітымі шмат жаўнераў, шмат атрымалі раненні. Але яшчэ з болыным імпэтам пайшлі мы на іх, бо ўбачылі, што ледзь не ўсе загінем, калі спіны пакажам (гэта значыць, калі кінуцца ўцякаць). I безвач лезлі ў агонь, ды так з імі змяшаліся. Як зерне з сечкай, бо ўжо нельга было іначай».