Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 18

Міхась Чарняўскі

Як толькі замкнуўся фронт аблогі Полацка, наша артылерыя пачала абстрэл горада. Маскоўцы не вытрымалі, падпалілі шчыльную драўляную забудову і адступілі ў замкі, прысягаючы сабе трымацца да канца. А каб адрэзаць шляхі да перамоваў, ваяводы загадалі забіць некалькі палонных беларусаў. Трупы іх прывязалі да бёрнаў і ўкінулі ў Дзвіну на вочы батураўцаў.

Здавалася, што маскоўцам спрыяла само неба. Бо дзень пры дні ліў дождж. Абарончыя равы перапоўніліся вадой. А драўляныя сцены і вежы так намоклі, што іх нельга было падпаліць нават нагрэтымі да чырвані ядрамі. Такое працягвалася блізу трох тыдняў.

Маскоўскі цар, баючыся за сваё жыццё, болыпасць войскаў трымаў пры сабе ў Пскове. Але некалькі тысяч усё ж паслаў на дапамогу. Аднак тыя не змаглі прабіцца да Полацка, бо шлях ім заступіў Мікалай Радзівіл Руды. Ды зацягваць аблогу было небяспечна — вораг мог апамятацца.

Нарэшце сціхлі дажджы і раз'- яснела неба. Пад гарачым летнім сонцам хутка сохлі сцены. I вось 27 жніўня пачаўся штурм горада. Смелякі пад градам куляў кідаліся да ўмацаванняў, каб падпаліць іх, і гінулі. Нарэшце аднаму мешчаніну з Альбова (гэтак беларусы даўней называлі Львоў) удалося прарвацца да вежы, адкінуць дзёран і ўсунуць між бярвеннем жар. I дрэва запалала! Сам жа герой, лёгка паранены ў руку, вярнуўся да сваіх. Ён адразу атрымаў ад Сцяпана Батуры шляхоцкую годнасць і адпаведнае прозвішча — Палацінскі (па назове рэчкі Палата). Атрымаў таксама герб, на якім была намаляваная рука з паходняй, прабітая стралой.

Занялося полымя і ў іншых месцах. I на сцены, заахвочаная самім каралём, кінулася вугорская пяхота. Пайшлі ў наступ іншыя харугвы. Некаторым ваярам удалося нават прасекчыся праз маскоўскія сціжмы за сцены. Аднак у першы дзень штурму вызваліць горад не дазволіў пажар на ўмацаваннях і супраціў гарнізона.

За ноч маскоўцы здолелі патушыць агонь. Але назаўтра распаленымі ядрамі замкі зноў удалося падпаліць у шмат якіх месцах. Усчаўся вялізны пажар, бачны на дзесяткі кіламетраў навокал. Да таго ж артылерыя літаральна засыпала стральцоў ядрамі. На сцены зноў і зноў па штурмавых лесвіцах уздзіраліся батураўскія ваяры. I маскоўскі гарнізон захістаўся. Стральцы запатрабавалі ад сваіх ваяводаў спыніць супраціў. Тыя напачатку не пагаджаліся, кажучы:

«Баімся не злосці Сцяпанавай, а гневу царскага».

Але не яны ўжо былі гаспадарамі сітуацыі. I 30 жніўня змушаныя былі скласці зброю.

Так літаральна за трое сутак актыўных і несупынных штурмаў было скончана з маскоўскім супрацівам.

«I гэтак Полацак, слаўная сталіца княжат даўных, з рук маскоўскіх выдзертая ёсць», — занатаваў беларускі летапісец. Зноў стаў вольным бацька гарадоў беларускіх і калыска беларускай дзяржаўнасці!

Па вызваленні Полацка Батура паслаў пад Пскоў лёгкую конніцу — трымаць у яшчэ большым страху цара і сачыць перамяшчэнні маскоўскіх палкоў. Значная ж частка войска на чале з Радзівілам пайшла да Сокала і ўзяла ў аблогу яго гарнізон. На пяты дзень былі падпаленыя вежы, запалала драўляная забудова за сценамі. I крэпасць ператварылася ў суцэльнае пякельнае вогнішча. Ратуючыся ад агню, маскоўцы выйшлі з-за ўмацаванняў на адчайны прарыў аблогі. Але не здолелі. Нашы ваяры самі праламаліся ў цвердзь і ў шалёнай сечы паклалі блізу чатырох тысяч чужынцаў.