Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 19

Міхась Чарняўскі

Пасля вызвалення Полацка ад захопнікаў ачысцілі балыныню ўсходнебеларускіх земляў. Наступныя паходы Сцяпана Батуры на Вялікія Лукі (1580 год) і Пскоў (1581 год) прывялі да адыходу акупацыйных войскаў з Прыбалтыкі. I цар, які яшчэ нядаўна намерваўся прысабечыць велізарныя абшары, папрасіў замірэння. Масква адмаўлялася ад усіх сваіх заваёваў у Беларусі, Латвіі і Эстоніі. Больш за тое, да Вялікага Княства вяртаўся старадаўні беларускі горад Вяліж з акругай.

Але Сцяпан Батура не намерваўся спыняцца на дасягнутым. Бо, уступаючы на віленскі вялікакняскі пасад, ён абавязваўся вярнуць нашаму гаспадарству ўсе захопленыя суседзямі землі. I толькі смерць вялікага ваяра ў 1586 годзе перашкодзіла ягонаму вызваленчаму паходу на Смаленск, захоплены маскоўцамі яшчэ ў 1514 годзе.

Інфлянцкая (Лівонская) вайна была чарговым крывавым эпізодам у шматвяковым змаганні нашых продкаў на ўсходніх рубяжах.

Бітва пад Кірхгольмам

Пасля смерці ў 1586 годзе Сцяпана Батуры вялікім князем нашага гаспадарства і адначасова польскім каралём быў выбраны Жыгімонт Ваза з шведскай каралеўскай дынастыі. Па маці ён паходзіў з роду Ягайлавічаў. Выбар быў не самы ўдалы. Новы гаспадар уцягнуў краіну ў доўгія і крывавыя войны з Швецыяй, Масквой, Турэччынай, а затым і ўкраінскім казацтвам. Парушылася таксама традыцыя верацярпімасці, якая здаўна існавала ў дзяржаве.

Стаўшы валадаром у Кракаве і Вільні, Жыгімонт захацеў захаваць за сабой і пасад у Стакгольме. А гэта выклікала збройнае сутыкненне з нашай заморскай суседкай. У 1600 годзе шведскія войскі з паўночнай Эстоніі накіраваліся ў бок Дзвіны і захапілі амаль усе Інфлянты.

Так пачалася зацятая вайна з шведамі за паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку, якая з перапынкамі доўжылася каля паўстагоддзя. Асноўны цяжар гэтага змагання лёг на плечы нашага народа — бо наш край быў зусім побач.

Валоданне Падзвіннем адкрывала водны шлях у Еўропу. Тут знаходзіліся і зямельныя інтарэсы беларускага магнацтва і шляхты. Менавіта нашы матэрыяльныя рэсурсы перадусім ішлі на гэтую вайну. Сыны нашага краю папаўнялі конныя і пяхотныя харугвы. 3 Беларусі ў асноўным паходзілі і военачальнікі. I менавіта ў Прыбалтыцы беларуская зброя пакрыла сябе несмяротнай славай. Асабліва калі гетманамі былі Крыштоп Радзівіл Пярун і Ян Кароль Хадкевіч.

Неаднойчы церпячы паразы, шведы зноў збіраліся з сіламі і ўзнаўлялі наступ. Гэта адбывалася найчасцей тады, калі ў нашых гетманаў канчаліся грошы на аплату войска і тое пачынала разыходзіцца.

Улетку 1605 года шведскі кароль Карл IX пераправіў марскім шляхам у Інфлянты тры карпусы агульнай колькасцю да 13 тысяч жаўнераў. Ён планаваў захапіць не толькі Падзвінне, але і самую Рыгу, якая была ключом да выхаду на прасторы Балтыкі. Жыгімонт Ваза ўстрывожыўся сур'ёзнай небяспекай. I хоць славіўся сваёй скупасцю, пераслаў вялікаму гетману Яну Каралю Хадкевічу 100 тысяч залатых на ўтрыманне войска. Сума была дастатковай, і наш военачальнік пачаў рыхтавацца, каб даць адпор шведам.