Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 16

Міхась Чарняўскі

Невялікую частку свайго войска Мікалай Радзівіл накіраваў пад Воршу. Яе ўзначалілі аршанскі стараста Філон Кміта-Чарнабыльскі і амсціслаўскі ваявода Юрай Осцік. Каб не выпрабоўваць лёсу, Кміта-Чарнабыльскі намерыўся выкарыстаць новую хітрасць.

Ён накіраваў у Дуброўну ганцоў з весткамі аб перамозе на Іван-полі. Шлях наўмысна быў выбраны праз занятую праціўнікам тэрыторыю.

Ганцы адпаведна трапілі ў рукі маскоўцам, і тыя даведаліся, што злучацца ўжо няма з кім, што войска Шуйскага разбітае. Пачалася паніка. А тут паказаўся аддзел беларускіх вершнікаў… Захопнікі падумалі, што гэта падыходзіць Радзівіл з усёй сваёй сілай. I войска Абаленскага-Сярэбранага кінула абоз з 25 тысяч вазоў, тысячы коней, баявы рыштунак ды спехам пачало адступаць да Смаленска.

Неўзабаве Вільня ўрачыста вітала пераможцу Мікалая Радзівіла, які ўехаў у сталіцу на кані Шуйскага. Цела ж самога царскага ваяводы з усімі хрысціянскімі пашанотамі было пахаванае ў віленскай царкве Багародзіцы. Па-людску абышліся і з палоннымі. Вяльможных трымалі ў замках, простых за харч і апратку выкарыстоўвалі на розных работах. Тыя ж з баяраў, хто згадзіўся на службу Вялікаму Княству, атрымалі зямельныя надзелы.

Калі весткі пра няўдачы маскоўцаў у Беларусі дайшлі да Івана Жахлівага, ён тым часам баляваў. Цар раз'юшыўся і з сваімі п'янымі застольнікамі выразаў у крамлёўскіх сутарэннях больш за сотню палонных палачанаў.

Бітва на Іван-полі (часта яе называюць таксама бітвай на Вуле) была нашай першай вялікай перамогай над сціжмамі маскоўскага цара ў Інфлянцкай (Лівонскай) вайне. Яна перакрэсліла планы маскоўцаў на паход у цэнтральныя землі Вялікага Княства, стала натхняльным прыкладам у далейшых нялёгкіх змаганнях. Ажно пакуль шабля Сцяпана Батуры не ўціхамірыла ўсходняга драпежніка.

Бітва за Полацк

Полацак знаходзіўся ў руках маскоўскага цара Івана Жахлівага болып за шаснаццаць гадоў — ад 1563 да 1579 года. Нашу старажытную сталіцу маскоўцы зрабілі стратэгічным цэнтрам сваіх планаў заваёвы Беларусі. Вынішчыўшы або вывеўшы ў палон значную частку палачан, акупанты асадзілі ў горадзе моцны гарнізон. Стральцы атабарыліся тут нават з сем'ямі, абнавілі ўмацаванні, разбудавалі новыя. Яны мелі шматлікую артылерыю, вялікія запасы пораху і харчоў.

Вайна гэтая была для Беларусі надзвычай спусташальнай. Паводле словаў віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, «вораг быў на нашым хрыбце». Ён руйнаваў гарады, паліў вёскі, забіваў нявінных людзей, выганяў на чужыну. Справіцца з ім нашаму войску аднаму было вельмі цяжка. Таму давялося прасіць дапамогі ў палякаў.

Умовы, прапанаваныя Полыпчай, былі для нас вельмі нявыгадныя. Але, каб уратаваць сваю краіну ад паняволення чужынцамі, нашы прадзеды змушаныя былі пагадзіцца на іх. I вось у 1569 годзе ў польскім горадзе Любліне было падпісанае пагадненне аб вуніі (аб'яднанні) Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства. Гэтае аб'яднанне называлася Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.

На жаль, спадзяванні на вунію не спраўджваліся. Палякі не спяшаліся на дапамогу. Па-ранейшаму Беларусь, высільваючыся, змагалася з маскоўскай навалай практычна ў адзіноце. Становішча карэнна змянілася пасля таго, як у 1576 годзе нашым вялікім князем і польскім каралём стаў таленавіты палітык і военачальнік Сцяпан Батура. Ён урачыста паабяцаў вярнуць усе захопленыя ворагам землі.