Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 12

Міхась Чарняўскі

27 жніўня 1514 года Астрожскі барысаўскім шляхам падышоў да Бярэзіны і сустрэў на яе левым беразе пешыя маскоўскія палкі, што ішлі ў бок Менска. Пад прыкрыццём гармат і рушніцаў нашы ваяры пераправіліся цераз раку і адразу ўступілі ў бітву, а затым і разграмілі ворага. На наступны ж дзень авангард Астрожскага разбіў маскоўскую старожу на берагах Бабра, а 1 верасня — на Друці.

Ваяводы Васіля III, не ведаючы напачатку сапраўднай колькасці нашых войскаў, адвялі свае сілы за Дняпро, каб даць генеральную бітву на зручным для сябе месцы. Восемдзесят тысяч маскоўскіх ратнікаў занялі пазіцыю на ўзгорках непадалёку Воршы, на захад ад рэчкі Крапіўны, паміж вёскамі Шугайлава і Рукліна. Галоўны ваявода Іван Чаляднін размясціў свае палкі трыма выцягнутымі лініямі, пакінуўшы наперадзе прастору для Астрожскага. Гэта была ідэальная пастка для праціўніка, які рызыкне пераправіцца цераз Дняпро — за спіной і на флангах лука ракі, а па фронце ўзвышалася сцяна маскоўскіх ратнікаў.

7 верасня нашыя войскі падышлі да Дняпра паблізу Воршы. Аднак пачынаць пераправу навідавоку, пад лучным боем, не выпадала. Былі б вялікія страты, да таго ж маскоўскія ваяводы зразумелі б, што людзей у Астрожскага амаль утрая меней.

Каб заблытаць праціўніка, гетман пусціў бродам толькі невялікую частку конніцы. Другая пераплыла раку пад прыкрыццём Аршанскага замка. Калі ж сцямнела, асноўныя сілы пайшлі ўверх па Дняпры і пачалі перапраўляцца цераз раку па ўзведзеным наплыўным мосце каля вёскі П ашына. Вядома, на світанку рух палкоў-харугваў быў заўважаны, але Чаляднін не пачынаў атакі. Ён чакаў, калі наша войска пераправіцца цалкам, каб адным разам знішчыць яго і гэтым пераможна скончыць вайну.

«Пачакаем, пакуль пераправяцца ўсе, — заявіў саманадзейны масковец, — бо нашы сілы нагэтулькі вялікія, што мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці абкружыць яго ды гнаць, як жывёлу, да самой Масквы».

А тым часам Кастусь Астрожскі рыхтаваўся да бітвы. Наперадзе ён паставіў два конныя палкі і пяхоту з агнявой зброяй. Вершнікі размяшчаліся і ў другой лініі. Флангі трымалі палкі конніцы з лягчэйшым узбраеннем. Аднак менавіта на правым краі на ўзлеску гетман прыхаваў пад аслонай пяхоты артылерыю.

Бітва пачалася раніцай 8 верасня 1514 года. Астрожскі вольна рушыў шыхты вершнікаў, быццам правакуючы праціўніка. Гэта падзейнічала на маскоўцаў, і яны пайшлі ўперад. Разгарэлася сеча. Крытычнае становішча склалася на левым краі. Але нашы ваяры вытрымалі, а затым і пераламалі ход змагання на гэтым участку. Асабліва вызначылася пяхота з рушніцамі ды цяжкаўзброеная конніца. Мужны гетман на баявым кані і з непакрытай галавой з першай хвіліны быў у самых адказных месцах. Кіраваў бітвай, натхняючы ваяроў прыкладам і словам:

«Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!».

Выдатна праявілі сябе і іншыя камандзіры — Юрай Радзівіл, Іван Сапега, Януш Свярчоўскі.

Іван Чаляднін, думаючы, што нашы асноўныя сілы скаваныя сечай каля Шугайлава, узмацніў дзеянні свайго другога крыла. Войска Астрожскага, нібыта не вытрымаўшы націску велізарнай масы баярскай конніцы, пачало адступаць да лесу. Вось ён, жаданы час перамогі! — думалі маскоўцы. Але нечакана «ўцекачы» расступіліся і нападнікі апынуліся перад артылерыяй і пяхотай з рушніцамі. Залпы ва ўпор рабілі ў іх шчыльных шэрагах жахлівыя спусташэнні. Быццам віхор клаў лес.