Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 11

Міхась Чарняўскі

Напачатку ўсчалася перастрэлка цераз раку, якая доўжылася тры гадзіны. Тут перавага была на баку нашых ваяроў. Бо яны мелі не толькі лукі, але і агняпальную зброю — некалькі гарматаў і рушніцы. Пад такой моцнай заслонай удалося загаціць дзве пераправы цераз Лань.

Аднак спачатку ў нашым войску выявілася няўзгодненасць. Яго правы фланг заўчасна перабраўся на другі бераг. Убачыўшы гэта, татары кінулі туды сваіх лепшых сечкароў. Тыя ўдарылі па нашых яшчэ не разгорнутых гуфах. Склалася крытычная сітуацыя. Пад стрэламі і шаблямі пачалі гінуць людзі. Тады Глінскі паскорыў пераправу войска левай рукі, якое і атакавала ўпоперак татарскіх загонаў. Загартаваная ў ранейшых бітвах з маскоўцамі, у жалезных панцырах, баярская конніца прасекла ардынскія шыхты і падзяліла іх напалам. Ачулася і войска правай рукі, націснула на татараў з поўдня.

Наступ быў такі нястрымны, што ворагі ў ж о і не думалі пра сечу. Адзінае, што заставалася тым, хто ацалеў, у тым ліку і «царэвічам» — паратунак уцёкамі. Як сведчыў летапісец:

«князь Міхайла з усім войскам гнаў за імі, імаючы і забіваючы да ракі Цабры. I як прыбеглі татараве да Цабры, тады мала не ўсе ў рацэ патанулі. Так многа татараў і іх коней у рацэ ды балоце было, што літва (так даўней звалі беларусаў) пераязджала на конях і пешы пераходзілі па мёртвых цялесах татарскіх і коней іх».

Уцекачоў пераймалі і нішчылі каля Слуцка, Петрыкава і на Украіне. Толькі жменька іх дабралася да Крыма.

Войска Глінскага вызваліла шматтысячны палон, завалодала татарскім дабром і табуном з 30 тысяч коней. Яно яшчэ некалькі дзён стаяла пад Клецкам. Высякала татарскія загоны, што вярталіся ў кош, якога ўжо не было.

Уражаны знішчэннем лепшых сваіх сілаў, крымскі хан Менглі-Гірэй тэрмінова пачаў перамовы пра замірэнне. I хоць пазней наша краіна часам цярпела ад татарскіх нападаў, але здаралася ўжо гэта шмат радзей. Клецкая бітва мела вялікае значэнне ў айчыннай гісторыі. Слаўная перамога нашых прадзедаў засталася не толькі ў пісьмовых крыніцах, але і ў людской памяці. Яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі на колішнім пабаявішчы пад Клецкам узвышаўся крыж. Яго паставілі мясцовыя жыхары ў памяць аб перамозе і на заспакаенне душ палеглых. А ў 1996 годзе тут узведзены помнік.

Бітва пад Воршай

Пачатак шаснаццатага стагоддзя быў асабліва цяжкі для нашай дзяржавы. Яна ўжо каля двух дзесяткаў гадоў знаходзілася ў стане вайны з Масквой. Да гэтага часу былі страчаныя многія землі на Браншчыне і ўсходняй Гомелыпчыне. А ў ліпені 1514 года капітуляваў Смаленск.

Каб замацаваць свой поспех, маскоўскі валадар Васіль III паслаў вялізнае войска ўглыб Беларусі — на Амсціслаў, Менск. Аднак насустрач яму ўжо рухалася наша армія і дапаможны польскі корпус. Сам кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары быў пры сваім войску. Праўда, валадар дзяржавы не імкнуўся кіраваць ваеннымі дзеяннямі. Як чалавек разважлівы, ён выправіў наперад трыццаць тысяч ваяроў пад кіраўніцтвам найвышэйшага гетмана Кастуся Астрожскага.