Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 10

Міхась Чарняўскі

А час вымагаў актыўных дзеянняў. Крымчакі ўжо рассыпаліся па Лідчыне і, як пісаў летапісец, «ваявалі цэрквы божыя, і двары вялікія, і весі зажыгалі, і людзей імалі і забівалі». Паслы ў сойм, а таксама баярства-шляхта з блізкага і далёкага наваколля дый усе, хто мог валодаць шабляй, сабраліся разам.

«I мала ці многа — усе як адзін адну раду і ўмысл палажылі: узяўшы Бога на помач, толькі пайсці і біцца з імі».

Некалькі лепшых рыцараў адразу ж выправіліся на выведку. Татараў сустрэлі непадалёку Ліды. I ў кароткай сутычцы разбілі іх. Нашы ваяры з палоннымі і адсечанымі па тагачаснай завядзёнцы галовамі ў торбах вярнуліся ў горад. Першы поспех акрыліў войска, і яно конна рушыла да Наваградка. Тут запыніліся на тры дні, збіраючы падмогу з замкаў і баярскіх двароў. Акрамя таго неабходна было даведацца, дзе залеглі кошам асноўныя татарскія сілы. Дзе яны звілі сваё разбойніцкае гняздо? Лёгкія загоны вершнікаў разгарнуліся па ўзгорыстай Наваградчыне і пад Гарадзішчам, што ў кірунку Баранавічаў. Баяры Юрай і Андрэй Неміровічы з сваімі людзьмі захапілі шасцёх палонных. Тыя доўга не трымалі таямніцы: сыны хана з галоўным войскам стаяць пад Клецкам, а шмат якія загоны яшчэ не вярнуліся ў кош.

Адслухаўшы малебны ў праваслаўных і каталіцкіх бажніцах горада, 4 жніўня 1506 года перад самым змярканнем войска выправілася з-пад сцен Наваградскага замка. Цяпер яго набралася ўжо да 10 тысяч вершнікаў.

Ішлі на паўднёвы ўсход. У недалёкім мястэчку Асташын заначавалі. А нараніцу прымчалі на ўзмыленых конях баяры з навакольных двароў. Яны ўцякалі ад татараў, якія гойсалі па акрузе.

Пастанавілі, што расцярушваць войска, каб вынішчаць невялікія групы рабаўнікоў, не мае сэнсу. Трэба было біць у самы асяродак ворагаў. Таму, не адхіляючыся, працягвалі шлях — на Цырын, Паланечку, Ішкальдзь, міналі папялішчы вёсак. За Ішкальдзяй авангард дагнаў даволі значную татарскую сціжму на паўтысячы вершнікаў, абцяжараную здабычай і палонам. Толькі жменька іх уратавалася, уцякаючы цераз раку Ушу каля Крутога Берага. Недабіткі прыбеглі да Клецка, несучы трывожную вестку пра набліжэнне беларускага войска.

Перад Молевам, у вёсцы Ліпа, нашы ваяры заначавалі зноў. А нараніцу высветлілася, што гетман цяжка захварэў і нават не можа сесці на каня. Трэба было тэрмінова прызначаць іншага правадыра, бо да татарскага коша заставалася ўжо нейкіх 15 кіламетраў. Тады параіліся і даручылі гетманства на час бітвы маршалку Міхайлу Глінскаму, трыццацішасцігадоваму князю, які сам па мячы (гэта значыць, па мужчынскай лініі) паходзіў з беларускіх татараў.

Затым войска пастала ў палкігуфы і рушыла да Клецка, гатовае да бою. Ішлі насцярожаныя, бо кожную хвіліну можна было чакаць наскоку хуткай татарскай конніцы. Да абеду дасягнулі вёскі Красны Стаў на Лані і з прыбярэжнага пагорка ўбачылі, што за ракой ужо стаяла падрыхтаваная да бітвы арда.