Читать «Заручыны Паўлінкі» онлайн - страница 3

Францішак Аляхновіч

СЬЦЯПАН.

Дык ты, баба, не мялі языком, каханенькая, родненькая! Языком дзела не паправіш, а толькі горэй зробіш. Язык ня цэп: няхай ціханька сядзіць за зубамі і дарэмна не балтаецца.

АЛЬЖБЕТА.

Дык-жаж ня мы адны тут былі. Ці-ж ты забыўся, што ўвесь гэты наш сорам бачылі і Пустарэвічы. Ен-жа - Пранцісь Пустарэвіч - і злавіў за вакном у садзе гэтага гіцля, каб яму пуста было! Ім ты ня скажаш трымаць язык за зубамі. Хутка ўся ваколіца будзе ведаць і нельга будзе луюзём ад сораму вочы паказаць...

СЬЦЯПАН.

Але... Няма што казаць - справа дрэнная...

АЛЬЖБЕТА.

Каб ты згодзіўся, дык можна было-б паправіць.

СЬЦЯПАН.

Як?.. Ня хачу я бачыць гэтага падлу!.. Я яму тут затанцую такую падзікварту ажно яму падзіспаць захочацца...

АЛЬЖБЕТА.

Ды ты аб кім? Я-ж не аб ім.

СЬЦЯПАН.

А аб кім?

АЛЬЖБЕТА.

Аб Сароцы.

СЬЦЯПАН.

Аб Сароцы? Яшчэ ляпей! Добра прыдумала, каханенькая, родненькая! Бобу баба аб'елася ці што? Ен-ж згніе ў турме за свае афішкі ды забастоўкі!

АЛЬЖБЕТА.

Кажуць, што хутка ўжо на волю выйдзе.

СЬЦЯПАН.

А хай ён прападзе і адчапіся ад маей галавы. Не хачу я навет знацца з гэтакім катаржнікам, хай ён на першай асіне павесіцца!

АЛЬЖБЕТА.

Быў жа час, калі ты інакш казаў і навет любіў гэтага мальца.

СЬЦЯПАН.

Каб ня гэтыя афішкі ды розныя фармазонскія кніжкі, дык нічога, хлапец быў да рэчы... Але наконта таго, каб аддаць яму Паўлінку, дык і слухаць не хачу! Не для пса кілбаса! Не аддам я сваю дачку за мужыка, хаця ён навет вучоны вучыцель. Усе мы былі шляхоцкага роду і з мужыкамі радні не завадзілі. Бацька мой, сьвяты супакой яго душачцы, Калістрат Крыніцкі, у дамавіне сваей перавернецца, калі даведаецца, што яго ўнучка выйшла замуж за Якіма Сароку, каханенькая родненькая! І больш, каб я аб гэтым сьвінапасе ў сваей хаце ня чуў ніякай гутаркі, бо табе кудлы ўсе вырву, а яму лоб расшэплю! (выходзіць у бакоўку).

Зьява 6.

Альжбета (адна), пасьля Паўлінка.

АЛЬЖБЕТА.

Эх, ты гнілая качарэжка! "Адзін лапаць, другі бот, а я шляхціц далібог".. Вось набраўся фанабэрыі - на сьмех людзём дый толькі!

ПАУЛІНКА.

(убегае).

Мамачка! родненькая! Якімка сягоньня будзе ўжо на волі!

АЛЬЖБЕТА

(паказваючы пальцам на бакоўку, што там ёсьць бацька).

Ціха!

ПАУЛІНКА

(радасным шоптам).

Мамка! Ен пісаў пісульку да брата Адэлькі!.. Але вось бяда: цяпер усе ўжо ведаюць і будуць сьмяюцца з мяне з прычыны здарэньня з гэтым панам Быкоўскім. Як даведаецца аб гэтым Якімка, дык яшчэ падумае, што і ўзапраўды нешта было ў мяне з гэтым зломкам! А гэта ўсё бацька вінаваты! (плача). Каб ня бацька, дык-бы й не было гэтага сораму...

АЛЬЖБЕТА

Супакойся, Паўлінка! Я ўжо тут з ім гутарыла...

ПАУЛІНКА

(зацікавіўшыся).

Ну, а татка што?

АЛЬЖБЕТА

(уздыхнуўшы).

Эх, і слухаць ня хоча. Я яго і так, і сяк... Не, кажа, і не! Я яму лоб, кажа, гаду расшэплю — вось! Але нічога, джетанька, трэба пацярпець, пачакаць, мо’ бацька і адпусьціцца.

ПАУЛІНКА.

Мамка! Трэці год мы кахаемся, трэці год мы чакаем тэй часіны, калі татка адпусьціцца і хіба ўжо гэтак усё жыцьцё перэчакаем!.. Калі татка ня згодзіцца, дык я даўжэй ужо чакаць ня буду: уцяку з роднай хаты без таткаўскага багаславенства, хай будзе як будзе!