Читать «Заручыны Паўлінкі» онлайн - страница 2

Францішак Аляхновіч

Зьява 3.

Паўлінка і Адэлька.

АДЭЛЬКА

(убягае).

Паўлінка! Каб ты ведала, якую я вестку прынясла!.. (Паўлінка сумна глядзіць на Адэльку і нічога ня кажа). Ну ня сумуй! - Якім пісаў!

ПАУЛІНКА

(ажыўляючыся).

Якім пісаў!

АДЭЛЬКА.

Але. Праз вакно выкінуў пісульку. Хлопцы знайшлі і прынесьлі.

ПАУЛІНКА.

Ну што, што ён піша? Значыцца жыў яшчэ?

АДЭЛЬКА.

Ну чаго яму паміраць!.. Піша перш-на-перш што ў яго ў хаце зрабілі вобыск: перагледзілі ўсе паперкі і ўсе кніжкі. А на кожнай кніжцы было надрукована "дазволена цанзураю". Бо, бачыш, калі на кніжцы няма гэтага "дазволена", дык кніжка благая, а калі ёсьць - дык добрая. Ператрасьлі ўсё, навет у падушках ды пад ложкам шукалі, а без "дазволена" не знайшлі... А пасадзілі яго, кажа, для страху, каб значыць памягчэў і сказаў усю праўду, - а сягоньня, кажа, выпусьцяць яго ўжо на волю.

ПАУЛІНКА.

(радасна).

О, Божанька ты мой! Сягоньня мой Якімка будзе вольны! (цалуе Адэльку). Адэльцянька! Дзякую табе за гэту вестку!.. Але гдзе-ж, у каго-ж гэтая пісулька?

АДЭЛЬКА.

У майго брата Цыпрука. Тамака сабраліся хлопцы і чыталі.

ПАУЛІНКА.

Пойдзем да яго! Пойдзем хутчэй - я сама хачу яшчэ прачытаць!

АДЭЛЬКА.

Пойдзем, Паўлінка!

(Абедзьве хутка выбягаюць з хаты).

Зьява 4.

СЬЦЯПАН

(уваходзіць з бакоўкі).

Гэта, каханенькі-родненькі, можна сказаць дзьве дзюркі ў носе і скончылося... Вось (няпэўнае солова) які. Каровы, кажа, па сто рублёў, за каня, кажа, тры сотні даў, авечкі маю, кажа... Усё, кажа, маю: і лес маю, і сенажаць маю, жыта, кажа, нажаў коп дзьвесьце, аўса, кажа, таксама дзьвесьце, - а ў начы ў суседзяў клумкі з каморы выцягвае!.. Ух, паганец, каханенькі! Ну, калі ён яшчэ раз пападзе мне пад руку, дык ён тут гэткага манчыза затанцуе, што ня рад будзе, што радзіўся на сьвет Божы! (Сядае і курыць люльку).

Праўда, што чалавек ён ня просты: у чорным сурдуце ходзіць і на ўсе штукі майстар - і да танца, і да ражанца, як той казаў - ну, ведама, адным словам, чалавек шляхоцкага роду. Але што-ж з гэтага, калі ашуканец і злодзей, каханенькі-родненькі!

Зьява 5.

Сьцяпан і Альжбета.

АЛЬЖБЕТА

(уваходзіць).

Паўлінка!.. Гдзе-ж Паўлінка! Мусіць пайшла кароў падаіць. (Пабачыўшы Сьцяпана, затрымалася, злажыла рукі на грудзёх і глядзіць на яго).

СЬЦЯПАН

(зірнуўшы на жонку, апускае вочы, бо сароміцца, і царапае пальцам у люльцы быццам папраўляючы тытун).

АЛЬЖБЕТА.

Ах ты, мядзьведзь дурны! Захацелася яму зяця (перадражнівае) "шляхоцкага заводу, з усякой дэлікатнасьцяй і ўсё такое"... Вось маеш цяпер "усё такое!". Нарабіў сораму ня толькі роднай дачцы, а і сваім сівым валасом... Вось! вось! царапай цяпер кіпцям у люльцы, бо, ведама, сорамна пасьля ўсяго гэтага глянуць людзём у вочы.