Читать «Заручыны Паўлінкі» онлайн - страница 6

Францішак Аляхновіч

АЛЬЖБЕТА 

(выціраючы сьлёзы, да Сьцяпана).

Ну дык-жа багаславі! чаго чакаеш?

СЬЦЯПАН 

(таксама выціраючы вочы).

Чакай, мне нешта на вусы з вока капае. (падыходзіць да маладых). Ну дзьве дзюркі ў носе.

ЯКІМ.

...І скончылося, пане Сьцяпана, - і багаславеце ўжо!

СЬЦЯПАН.

Ну, няхай вас Бог багаслаўляе так, як я вас багаслаўляю, і нашле вам шчасьце, каханенькія-родненькія... (цалуе ў галаву Якіма і Паўлінку).

ЯКІМ.

Вось, бачыш, Паўлінка! Відаць, што хаця ты родная дачушка, а я лепш за цябе ведаю твайго татку. Я казаў, што адпусьціцца - вось і адпусьціўся!

СЬЦЯПАН.

Бо-ж ты, каханенькі-родненькі, гаворыш, як поп у царкве, або адвакат якійсь.

Зьява 10.

Тыя-ж і Пранцісь з Агатай.

ПРАНЦІСЬ 

(убегае; за ім Агата).

Глупства, пане добрудзею, глупства... Знайшлася, сват! У саломе на калёсах знайшлася!..

СЬЦЯПАН І АЛЬЖБЕТА.

Хто знайшоўся?

ПРАНЦІСЬ.

Шапка мая знайшлася. Я думаў, што яе сьвіснуў гэты ваш Адольф Быкоўскі, а яна вось-цо-да ў салому шэльма закапалася, пане добрудзею...

СЬЦЯПАН.

Чаму-ж гэта, сват, кажаш: "ваш" Адольф Быкоўскі? Такі ён наш, які і ваш каханенькі-родненькі, каб яго трасца змурдавала!

ПРАНЦІСЬ.

Глупства, пане добрудзею... вось-цо-да. Не да маей ён дачкі падлабуніваўся, але да тваей.

АГАТА.

Дык ты-ж, трухлявая калода, не аб тым пачаў... То ён аб шапцы, то ён тудэма-сюдэма, а самае важнае забыўся: пана Быкоўскага арыштавалі!

УСЕ 

(зьдзіўленые).

А!.. За што?!

АГАТА.

Кажуць, што падпісваў нейкі вэксаль і, памыліўшыся, тудэма-сюдэма, замест свайго прозьвішча чужое падпісаў.

СЬЦЯПАН.

А! бач яго! такі разумны здаваўся, а вось як памыліўся, каханенькі-родненькі!

АЛЬЖБЕТА.

І за гэтакую памылку чалавека арыштавалі!.. Вось за якое глупства цяпер можна папасьці ў вастрог.

ПРАНЦІСЬ.

Але, свацейка, глупства, пане добрудзею... Вы не маркоцьцеся. Спраўнік казаў, што яго хутка выпусьцяць.

СЬЦЯПАН.

А хто-б аб ім маркоціўся! Хай ён згіне-прападае гэтая падзікварта праклятая! І не ўспамінай больш аб ім, сват, бо злавацца буду, каханенькі!

ПРАНЦІСЬ.

А, добра што ўспомніў!.. Есьць кварта, пане добрудзею! (выцягвае з-за пазухі бутэльку). Ну, трымайся, сват! (пье і дае Сьцяпану). Свацейка, хадзі й ты да кумпаніі, выпьем хаўтурнага па пану Быкоўскім. (Паўзіраецца па хаце і раптам пабачыў Якіма да Паўлінку). А!!! а гэты... гэты як-жа, пане добрудзею, сюды папаў?

СЬЦЯПАН 

(крыху засароміўшыся, ня ведае што адказаць).

Ен... бачыш, каханенькі-родненькі, таго.. знакам тым...

АЛЬЖБЕТА.

Якім Сарока вось пасватаўся за нашу Паўлінку.

ПРАНЦІСЬ.

А вось-цо-да, пане добрудзею... Калі так, дык трэба, сват, рабіць запоіны!.. А покуль што.. (ля жонкі) гэй, баба! цягні з возу яшчэ пляшку, там у мяне ў саломе пад сядзеньнем зарыта.

АГАТА.

А табе, ты мачыляна пракляты, каб толькі была аказія напіцца, тудэма-сюдэма! (выходзе).

ПРАНЦІСЬ.

Глупства, глупства, пане добрудзею, вось-цо-да! А цяпер трэба выпіць за здароўе маладых. Ці смутак, ці радасьць - гарэлка ніколі не зашкодзіць!.. Ну, дык каб ім добра жылося і... вось-цо-да! (пье).

АГАТА 

(уваходзіць з бутэлькай; да Сьцяпана).