Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 9

Янка Купала

Мая думка

Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры, Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая; Абыймецца зь небам, пакоціцца ў мора, Ў вялікае мора людскога жыцьця. I ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесьне Як лісьцем віхура, так ім скалыхне, Так ім закалоціць, аж выклікне песьню… Ўжо зь песьняй ляціць зноў да зор к вышыне. Запеўшы пахвалай нязьведанай далі, К вядомай павернецца долі людской; Адсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі, Ды ў сьвет зноў за сонцам, за новай зарой! На небе свабода, сьвятло і прывольле, — А думцы замала: няма там людзей; Людзей на зямельцы спаткае даволі, Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ей… I так безупынку, то к небу — дзе зоры, Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая; То скоціцца ў мора, ў вялікае мора Людскога, забытага шчасьцем жыцьця.

Мой дом

Мой дом — прывольле зьвёзднай далі, Арламі мераны абшар, Дзе бітвы точаць ветраў хвалі Зь сям’ёй глухіх калматых хмар.

*

Мой дом — амшалай пушчы сховы, Сяліба ясеняў, сасон, Дзе сьмех русалчын, лесуновы Палошыць вечна-цяглы сон.

*

Мой дом — пясчаныя разлогі, Пакута сьцюжы і сьпякот, Дзе ў скібах лад вядуць нарогі, Аздобай цьвет — чырвоны пот.

*

Мой дом — узьмежных зёлак восьці, З сухой асінаю курган, Дзе тлеюць прадзедавы косьці, Дзе плача ночка ды туман.

Як я полем іду…

Як я полем іду, гнецца колас ка мне, Зь ім маркотнай душой ціха шэпты вяду; Колас чуе усё ў зачарованым сьне, — Колас гнецца ка мне, як я полем іду. Як я лугам іду, траўка сьцелецца ў ног, Абсыпае зь сябе жыўчых росак ваду; Кветкі жаляцца мне — поўны дзіўных зьнямог, — Траўка сьцелецца ў ног, як я лугам іду. Як я лесам іду, зважна думкі сную, Аглядаю сьвятую дубоў грамаду; Там, як дома, сабе з пушчай песьні пяю, Зважна думкі сную, як я лесам іду. Як я ў хатку ўвайду, мяне штосьці гняце; Бледны сум падыходзіць — прыносіць нуду; Ў заплясьнелым кутку цень касьцісты цьвіце, — Мяне штосьці гняце, як я ў хатку ўвайду.

Я ад вас далёка…

Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, — На чужое неба ўжо гляджу сягоньня,      Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,      Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю. І няма на сьвеце так вялікай меры, І няма на сьвеце так каваных дзьвераў,      Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —      Беларусь са мною разлучыць пасьмелі! Я ад вас далёка… скажуць гэтак людзі… Але хто заглянуў у чужыя грудзі      І паняў хто шчыра той агонь і мора,      Што гарыць, бушуе і аб чым гавора? Пойме толькі гэта, хто аж да скананьня Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстаньня;      Каго доля-ведзьма ад самой калыскі      Кідала па сьвеце, як той ліст вятрыскі. Я ад вас далёка… А дзе ні гляджу я — Дома толькі думка днюе і начуе;      Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,      Знаю толькі рэчку — з плытнікамі Нёман. Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны, Дзе такі там хорам важна збудаваны, —      Што мне замянілі б хату і бярозкі,      Хату і бярозкі беларускай вёскі?.. Я ад вас далека… Дзеліць нас паўсьвета, — А жыву ж я з вамі і зіму, і лета;      Чую з вамі ўвосень непагоды песьню,      Цешуся з праталін вольнага прадвесьня, І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе, — Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;      З выраю як толькі сустракаю гусі,      Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі. Я ад вас далёка… Жыву між чужымі, Чую ж вашы песьні, — водклік шлю сваімі;      Дабываю песьні ад душы, ад сэрца,      Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца. Не зрабіць нікому гэткай дамавіны І ня вырыць ямы гэтакай глыбіны,      Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,      Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці. Я ад вас далёка… Божа ты мой мілы! Неразлучны з вамі да самой магілы, —      Не пакіну думаць сьвітам і ўпацёмку:      Як там жывіцё вы, як жыве старонка? А хоць дасьць мне доля ў дамавіне мейсца, — Ўстане цень зь зямлі мой, на крыж абапрэцца      І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,      Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.