Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 10

Янка Купала

Мінуты шчасьця

Сплылі ў душу з высі высокай I зацьвілі ў ёй яснавока, Як сьветласьць бледная аблокаў          На дальнім летнім небасхіле. Цьвілі, гулялі пераліўна Сьвітаньнем новым долі дзіўнай; У казку волі неспажыўнай          Цяклі нявыплаканай сілай. Вялі па сьцежках нехаджалых, Арлом узносілі на скалах, Карону клалі ў міртных хвалах          На ўсёй будзённасьці завілай. Так асянялі, панавалі, Як сонца бліск на вод крышталі, Аж пацягнулі вышай, далей,          Туды, адкуль сышлі так міла. Вітаю іх і не вітаю, Стаю, як пільгрым на расстаю Ў чужым далёкім недзе краю,          Як над пустой стаю магілай.

Вячэрняя малітва

Як летняе сонца свае згасіць косы I кветкі нябесны зайграюць нясьмела, — Ноч сее тады серабрыстыя росы, Над логам зьвісае туманнай пабелай. Ад бледнага месяца бледныя цені Зь сялібаў і пушчы кладуцца на гоні; Як цені мінуўшых даўно пакаленьняў, Устануць, пастануць слупамі ў прасоньні. Цікавая думка над сном усплывае, Вяртаецца зь цішай і просіцца ў сэрца, Дзе ласкай сьвітае, як байка жывая, I вогнікам ціхім навокала ўецца. Малітва вячэрняя ў той час выходзе, Ахвярна кладзецца на сьпячыя далі, I пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе Плыве і мяняецца ў кветным крышталі. О, будзь вечна слаўнай, вячэрняя ціша З планетнай зарніцай і месяцам бледным! Хай песьня спакою душу укалыша I вынесе чыстай над шумам пабедным!