Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 87

Янка Купала

V

«Прыйдзе Узьвіжаньне — стану         Ў лесе парадак вясьці: Ў думкі жывіне ўсёй гляну,         Буду ўсёй пушчай трасьці. Ночкай асеньняй засяду         За стол спраўляці „дзяды“; З тым сьветам буду мець раду,         Ўспомню магілкі тады. Вымкну зноў птушкай на вырай;         Сьвет не захоча ўжо спаць: Будзе праводзіць ён шчыра,         Будзе ён шчыра чакаць. Грай жа ты, скрыпка жывая,         Кожнай расходзься струной! Хто мае сэрца? хто мае?!         Гэй жа, за мною, са мной»!

VI

«Я пакажу ўсе вам чары —         Чары ўсе неба, зямлі, — Шчасьця другога пажары,         Дзе б вы сагрэцца маглі. Праўду ў лад новы настрою,         Новыя песьні злажу… Гэй жа, за мною, са мною!         К сонейку шлях пакажу!..» Так прызывае-галосе         Скрыпка ў руках песьняра. Рэха пад неба няслося.         Днела ўжо; гасла зара. Музыку чуюць суседзі —         Камень бы зрушыць магла! Сьпеў пясьняр. Глянуў, угледзеў:         Хата пустая была…

За што?

Маці мая, маці, Што ж ты мне зрабіла, — За што гараваці На сьвет парадзіла? За што, за што Твой сын бядак, За што, за што Ён плача так? — Скажы! Плача твой дзяціна, Ты й сама ня скачаш, — За сябе і сына Плачаш, маці, плачаш. За што, за што Твой сын бядак, За што, за што Ты плачаш так? — Скажы! Тваё гора знае Сын твой ад пачатку, Бядуе, ўздыхае За сябе і матку. За што, за што Наш лёс такі, За што, за што Мы бедакі? — Скажы! Маці мая, маці, Крыўды з нас сьмяюцца, І твае, й дзіцяці Горка сьлёзы льюцца. За што, за што Лье не адзін, За што, за што — I маці, й сын? — Скажы!

У шынку

Што заснуў там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі! На стол чаркі! П'юць, знай, нездарма бедакі. Ня нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць, Налівай, выпівай, каб ня чуць і ня знаць! Ты, музыка, настрой нам скрыпулю сваю, Я пад звон гулкіх струн аджыву, запяю! Толькі рэж — не жалей, агнісьцей, весялей, — Так ад самай душы, ад збалелых грудзей! Сірата я сягоньня — дзе гляну — вазьму. Калісь бацьку я меў, пакой вечны яму; Цягавіт быў, ня раз недаспаў, недаеў, Жаль старога — ня ў час ён душой загавеў… Дзе за вёскай пуціны ідуць накрыж дзьве, Там гурбок ты убачыш у цёмнай траве; Там бярозка, пасаджана мною, шуміць, Салавейка вясной там сьпяваці ляціць… …Свой напеў галасіла прадвесьне людзям, Крутавата на вёсцы прыходзілась нам: Тым няхват хлеба, корму, — падаткі другім I той сон і спакой аднімалі зусім. I стары мой у гэтым ані не адстаў: Ледзь хадзіў, уздыхаў, штось пад нос барматаў. Што рабіць? Ёсьць Красулька — жывёлка адна, Трэба ў горад, на торг, — няма рады, бяда! Сьлязіну-гарчыню абмахнуў рукавом, За вяроўку, за цёлку ды марш пехатом. Толькі робіцца цёмна ў вачох бедаку: I чаму ж так ўсё не ручыць мужыку? Вось і горад. Красульку таргуюць, — прадаў, Барыш лоўкі папіў, грошы добра схаваў, Машыруе дамоў, падпявае з нуды, — Хоць на час адкупіцца ёсьць чым ад бяды. Многа зьвера у пушчы ў цёмнай снуе, Болей злыдняў між намі ё, людзі мае! Многа сьцежак-дарожак ля нас лягло тут, Толькі зь іх мужыку — адны мукі і блуд… Ужо ладна за горад стары адышоў, Тут за пазуху зірк: што схаваў — не знайшоў! Ні кароўкі, ні грошы няма ўжо, няма… Не бяда: дзяга ёсьць, ёсьць пацеха адна! Мы з дарогі чакаем — і маці, і я; Дзень, другі не відаць, ажно трэцяга дня Слых пайшоў па сяле, што ў лясочку пятлёй Хтось закончыў жыцьцё — гэта быў… гэта мой… Гэй, што сьпіш там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі! Болей водкі! П'юць, знай, нездарма бедакі! Ня нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць, Налівай, выпівай, каб ня чуць і ня знаць!..