Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 85

Янка Купала

Другі за першым князю сказ I княжне скажа міласцівай: «Я абышоў іх тройчы раз I відзеў, што яны ўсе жывы.       А топчуць толькі ўсе той след,       Валочаць ёрмы за сабою;       Ці ўбачыць корч, ці ўбачыць цвет,       Адною жаляцца слязою. А як чапнуў стралой аб лук, Яны скрануліся ў прасонні, I столькі, столькі крэпкіх рук К маёй паціснулася броні.       За мною ўсцяж, і тут і там,       Іх вусны бледныя шапталі:       „Аддайце славу нашу нам!       Нашто схавалі-расхапалі?“»

VIII

I трэці князю гэткі сказ I княжне скажа міласцівай: «Я абышоў іх тройчы раз I відзеў, што яны ўсе жывы.       А толькі торг усё ідзе       Над іх душою патаптанай;       Яны, як цені, ў грамадзе       Маўчаць і йдуць на пір паганы. А як я ўдарыў па струне, Замітусіліся, як пчолы, I на гарэ і нізіне Мне падавалі голас кволы.       За мною ўсцяж, і тут і там,       Іх вусны бледныя шапталі:       „Аддайце песню нашу намі       Нашто схавалі-расхапалі?“»

IX

Сказаўшы так, маўчаць ганцы, Маўчыць і князь крыху часіны, I дасць адказ такі ў канцы Ганцам на іхнія навіны:       «Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,       Раз хочуць сонца, славы, песні;       Заб'юць ім зычныя званы       Прабудным звонам напрадвесні. Сваёй забранай старане, Скаванай мучаніцы-княжне, Ўзнясуць пасад на кургане На панаванне недасяжне.       На дзеле — кожны йшчэ слугой,       У думках — вольныя ўжо людзі;       Над сэрцам іх, над іх душой       Наш дух лунаці вечна будзе».

X

«Вы, другі верныя, ганцы, Як летась, сёлета, налета Ўсе пагранічныя капцы Абходзьце зноў з маім прыветам.       Гуслямі, лукам і святлом       Будзіце, клічце і свяціце       I так спануйце іхнім сном,       Каб сон іх счэз і ўсталі жыці. А покуль поўнач не прыйшла, Вясці бяседу будзем далей; Засядзьце ўсе кругом стала, Хай зазвініць віно ў крышталі.       А чарку першую ўзнясём       За цень мінуўшчыны у сеці,       Другой к цяпершчыне прап'ём,       Праславім будучыню трэцяй».

XI

Садзіцца княжна, князь, кругом Садзіцца вольная дружына; Шуміць бяседа за сталом, Плыве часіна за часінай.       I разгараецца ясней       Паходня радасці забытай,       I светазарнасцю сваей       Вясёлкі сее самавіты. Ямчэй нацягваецца лук, Цэль рассякаюць агнястрэлы, Дрыжыць паўчына і павук, Дрыжыць прыблудак ачарнелы.       Рахкочуць гуслі звон у звон,       На бел-свет розгалас нясецца,       Як бел-свет, коціцца разгон       I ў думцы казкай раздаецца.