Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 86

Янка Купала

XII

Плыве шумліва, як рака, Бяседа вольная такая, А ўжо нявідзіма рука На небе поўнач адзначае.       Залопаў крыллямі пятух, —       I ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;       Замоўк разгул, агонь патух,       Старое згасла папялішча. На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў, Пуціну заяц перамераў… А быў тут хто або не быў, — I так і гэтак мала веры.       I так і гэтак свой прыгон       Распасцірае царства ночы:       Салодкі сон, магільны сон       Смяецца свету ўсяму ў вочы.

Забытая скрыпка

I

Доўга пад трамай ляжала         Сьцішна ў вясковым жыцьці, Доўга ляжала, чакала         Скрыпка адна ў забыцьці. Колькі йшло лет за лятамі,         Колькі йшло, сходзіла сіл! — Скрыпка драмала. Пластамі         Клаўся і рос на ёй пыл. Потам залітыя вочы         Гэткі ня мог сьлязіць глум, Пальцу мазольнаму ўночы         Страшна крануць было струн. Доўга чакае і сьмягне,         Покі хто з сэрцам такі Скрыпчыны струны нацягне,         Гэткай чакае рукі!..

II

Шоў вёскай той падарожны,         Чэзла дзе струньніца так, Шоў і ў хаціну трывожна         Сьмеліцца стукнуць бядак. Зважна дамок адчыніўся,         Просіць гасьціць гаспадар… Скрыпка пад трамай… зьдзівіўся…         (Быў падарожны — пясьняр.) Цягне скрыпулю з-пад трамы,         Пыл абмятае палой, — Струны заенчылі самі,         Жаляцна самі сабой. Льюцца пясьнярскія словы,         З дошкай ліповай пяюць; Зьвесіўшы людзі галовы,         Слухаюць, думкі снуюць.

III

«Доўга шукаў цябе, скрыпка», —         Гэткая песьня плыве, — «Быў без вадзіцы я рыбка,         Ягадка ў буйнай траве. Рвалася сэрца і думы,         Гэт, да нязгадных сьвятліц, Клікалі хвойныя шумы,         Клікалі шэпты крыніц! Клікалі… Поўнілісь грудзі         Смуткам надзей і трывог… Шоў між людзямі ў адлюддзі,         Што мог, і то ўжо ня мог! Вёску мінаў я за вёскай,         Плёўся праз выдмы, кусты; Трэ было, трэ было свойскай,         Музыкі свойскай, як ты».

IV

«Слаўся, сьвятая здабыча!         Пан я сягоньня ўсіх ніў! Песень маіх не паліча         Той аж, хто зоры зьлічыў! Птушкаю з выраю буду,         Пеці зязюлькай пачну, Радаўніц жалямі люду         Ў вочы цікава зірну! Громаў, маланак ахвотна         Буду і цар, і пастух, Лягу расіцай вільготнай,         Выш'ю вясёлкавы крут! Дзівамі кветкі купальскай         Кожную зваблю душу; Буду няласкай і ласкай,         Богаў фальшывых скрышу»!