Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 83

Янка Купала

На Куцьцю

I

На небе зоры ўжо мігцяць, На полі срэбны снег іскрыцца; На бел-свет дзівы выпраўляць Пляцецца ночка-чараўніца.       Глуш абнялася з цішыной       I спавівае ўсё у чары,       Паўзуць і сеюць шорах свой       Старым парадкам цені-мары. Вылазе з цемры бледны звод, Глядзіць сліўнём на долы, горы I тут і там пускае ў ход Свае нямыя загаворы.       I тут і тамка свой прыгон       Распасцірае царства ночы;       Салодкі сон, магільны сон       Смяецца свету ўсяму ў вочы.

II

Заныла ўсё, замёрла ўсё, — Не спіць адвечнае замчышча: Там пачынаецца жыццё Ў агнёх старога папялішча.       Іскрыстым, бліскатным святлом       Заліты княжскія святліцы,       Дружына вольная кругом       Сталоў дубовых варушыцца. Золататканы абрусы З сталоў звісаюць дыванамі, На абрусах чысцей расы Віно красуецца каўшамі.       Духі мінуўшчыны куццю       На старасвецкі лад спраўляюць.       Даўно бываламу жыццю       Дары належныя складаюць.