Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 79

Янка Купала

У Купальскую ноч

Цёплым летам на Купальле, Як ноч ляжа без граніцы, Зводы, чары бліжай, далей Відны ў пушчы над крыніцай. Ля калоды, на калодзе — Ў кожным лесавым куточку — Кветка-папараць усходзе, Зацьвітае ў гэту ночку. Хто захоча ў цёмнай гушчы Пашукаці, паспытаці, Падпільноўвае дух пушчы — I ня дасьць нічога ўзяці. Вось глядзіце! Зважна, ціха Чалавек ідзе, крадзецца; Што за немач, што за ліха? Ці ж няма ўжо дзе падзецца? Вочы кроўю наліліся, Аб зуб зубам страх ляскоча, Клубам гнецца, прыхіліўся: Кветку-шчасьце цапнуць хоча. I мармоча, як спрасоньня, Пад шурпатымі сукамі: «Ці ж, як летась, і сягоньня Мне з пустымі йсьці рукамі? Кожны год іду сюды я, Кожны год надзею маю, А тут немачы нямыя Круцяць, верцяць з боку, з краю. Зьбіўся з толку, жыць нязмога; Вечны голад кветкі-шчасьця, То ад Бога, то да Бога Гоніць, цісьне, як з напасьці. Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца! Ах, ня тое! Адвярнула!.. — Гэта шышка на сасонцы». Ну шукаці, як шукаці! Цемра з нэтрай скача скокі, Звод рагоча ў цёмнай гаці, Смоўж зіркае аднавокі. Так шукае, лазіць лазам, Просіць, моліць, заклінае, А дух пушчы з пушчай разам Успамінкі ўспамінае: «Кінь шукаць, спраўляць скавыты, Не чапай маіх харомаў! Я — дух пушчы, дух сярдзіты, Не спушчу нідзе нікому! Кветкі пільна я пільную, На замкоў замкнёна сорак, А дарожку даў такую: Людскіх костачак узгорак. Не пачуеш нашай рады, Будзе тое і з табою! За цьвяточак для прынады Ты заплаціш галавою! Як на сьвет сьвет нарадзіўся, Як душа засела ў целе, Ўсе ляцелі к гэтай місе, I ніводныя ня елі. Пушча знае, што бароне, Што ёй дадзена на сховы, Крыжам ляжа на загоне, А ня дасьць надзець аковы. Адчапіся, адхрысьціся! Доляй-казкай счараваны, Ты яшчэ не дарасьціўся Цьвет пасьцігнуці жаданы. Бачыш, ночанька, як сажа, Жджы лепш раніцы, ня кветкі!» — Так дух пушчы з пушчай кажа Чалавеку напасьледкі. А ён блудзіць, ходам ходзе Тамка, тутка, далей, бліжай, То скрадаецца, як злодзей, То бярэцца плазам-крыжам. То абыйме дрэва-елку, То рукамі водзіць пуста, То пагоніць з хвойкі белку, То спужае птушку з куста. Пад нагамі мох шапоча, Лісьце ласіцца па твары, Ён шукае і мармоча, Як ня чуе чараў-мараў. «Прэч, загіньце, ведзьмы, злыдні! Вунь вам верас, вунь вам лычка; Ці няўжо вам не абрыдне Шаматаці мной, як тычкай? Шоў я полем, сенажацяй, Шоў гарою і далінай, А тут кветкі не спагнаці, Хоць хавайся ў дамавіну! А нашто ж мне над калыскай Аб ёй ночка напявала? Напявала, што ўжо блізка, А пасьля сама схавала. А нашто ж мне на папары Насьвістоўвала жалейка, Жальма жаліла на сквары? Аж і сьціхла, дабрадзейка! А нашто ж мне звонам косы Вызванялі на прасьцягу? Самі выгубілі росы, Мне пакінулі боль-смагу. А нашто ж мне на вясельлі Пелі, гралі, чаркі білі? Самі сьціхлі, занямелі, Мне ўчарашні дзень згубілі. А нашто ж мне на Каляды Галасілі па-хаўтурну? Самі вылеглі загладай, Я ў жальбе снуюся бурнай. А нашто ўсё гаварыла: Жджы на кветку, на Купальле! З году ў год чакаю мілай I шукаю бліжай, далей. Можа, тамка? можа, гэтта? Пнуся, рвуся ўзад і ўперад — I на лета, ўсё на лета… Вязьнем я і кветка ў нерат. Не трашчыце, не шасьціце, Сухалесы, пустацьветы! Дайце кветку, дайце жыці, Не чаруйце у сусьветы! Мох, чарнобель, расхіліся! Кветка, кветка, выглянь сьмела! Чорнай кроўю ўвесь абліўся, Сухажыльле зводзіць цела… Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца… Ах, ня тое! Адвярнула!.. — Гэта шышка на сасонцы». I пабег, пабег па лесе, Закруціўся дымам-пылам, Стаў, глядзіць, на грудзі зьвесіў Галаву над пнём пахілым. А дух пушчы з пушчай разам Успамінкі ўспамінае I так далей кажа сказам, — Ночка слухае нямая. «Вырві сэрца, высуш сэрца, Запалі агнём, як сьвечку! Не глядзі, што кроў сатрэцца, Не паглядывай на печку! Як ноч прыйдзе, гэта ночка, Выйдзі з сэрцам, як з паходняй, Ад кусточка да кусточка Асьвяці мой хорам годне! Так сьвяці, ня бойся мукі, Зь верай вернай і надзеяй, — Кветка прыйдзе сама ў рукі, Толькі сэрца спапялее. Чуеш гэта, зробіш гэтак? Будзеш панам, слаўным князем; А ня зробіш — сотні летак Выць так будзеш паміж вязьзем. Прыйдзеш, пойдзеш у нягодзе, Віцца будзеш, як вужака, Дзень ці ноч, ня скажаш: годзе! Чахнуць будзеш, небарака! Бачыш, чуеш: царства наша Вечна, сільна, неўгамонна; Духа пушчы не застраша Ні сякера, ні карона. Не ўздымайся сухавейне, Не вышуківай закляцьця! Скора поўнач, скора пеўні У тваёй зайграюць хаце». Дух гамоніць, лес трасецца, Стогнуць хвойкі і асіны, Шум пакоцісты нясецца, Як хто гіне або згінуў. Чалавек маўчыць, марудзе, Ўзад, уперад пройдзе, гляне. Вось мінута, а штось будзе, Можа, можа, і дастане… Абы поўнач, як маланка, Не змахнула цьвет закляты, — Прахам пойдзе ўся гулянка, Зноў год жджы на гэта сьвята! Што? Стаіць, глядзіць, о Божа! Кветка-папараць абходзе, Зацьвіла, як мак, прыгожа, Як бы сонца на усходзе. Схамянуўся, прэ кустамі, Як шалены, прэцца к кветцы; Лес кусаецца сукамі, А ён туж дапрэ, здаецца. Раптам певень загалосе Недзе ў вёсцы, ў роднай вёсцы. — Ўсё — як сон… не засталося… Лісьць трасецца на бярозцы. Не то з пуду, не то з жалю Вочы трэ, глядзіць нясьмела — Пуста, дзіка, бліжай, далей, Толькі штосьці зашумела. Зашумела, замуціла, Дзікі рогат паплыў рэхам, Думка сьніла, не дасьніла, Паляцела з пушчай сьмехам. Паваліўся, як сноп жыта, — Як сноп жыта пры сасонцы. Крык адно, як звон разьбіты: «Дайце кветку! Дайце сонца!»