Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 77

Янка Купала

II

Дня аднаго ў кустах блудзіў І лёгкага выглядваў хлеба, — Пагоду ясную і дзень На ноч зьмяніла бурай неба. За хмарай хмару валакло, А грозна, чорна, безустанку; Пярун ляцеў за перуном, Штоміг — маланка за маланкай. Ліло, як з рэшата, дажджом, Раўняла нізкі дол з узгорам, I лес, і поле абняло, Як пеклам, як шалёным морам. Заціхла птушка, зьвер заныў; Лес-хата — ўжо ня быў ім хатай… За грэх караў зямлю, ці што, Так грозны Сатакрата. А паляўнічы, хоць і мок, Не пакідаў сваёй работы: Галубку ўбачыў пад кустом — За крыльле ўзяў злавіў з ахвотай. Здабыча лёгкая была: Галубка, выбіўшыся зь сілы, Хоць і хацела — не магла Ляцець, чакаў яе дзе мілы.

III

Тым часам сьціхла бура ўжо, Але і вечар быў на сьвеце; На небе месяц абышоў, I зоркі сталі ў небе йрдзеці. Што тут рабіць? дамоў ісьці? — Ісьці і цёмна, і далёка; У лесе цемным начаваць? — I небясьпечна, і нялёгка: Усюды сьвеціцца вада, Вада зьліваецца з галінаў; Нічым нідзе дастаць агню, А тут яшчэ і рык зьвярыны… I голад такжа не маўчыць: Пара даўно чаго паесьці… Нічога. Рады ўжо няма. Прыйшлося ў лесе ноч правесьці. Пад дрэва буйнае ідзе, Шукае ў ім сабе апоры; У знак пакоры — галаву Схіліў і так яму гавора: «О, дрэва, будзь прыстаньнем мне: Ў сваёй з багамі мей апецы». Сказаў і лёг на камень там, Пры ім галубка тут жа ў клетцы.

IV

А гэта дзерава было Сялібай, хатай галубковай; Сядзіць прамоклы на ім ён I так бядуе слова ў слова: «Куды загінула мая Галубка, вечная падружка? Такая страшная пара! Як выйдзе жывенькаю птушка? Мо' вецер зьбіў яе куды, Ці дождж пасек няшчаснай крыльлі Ці вораг бедную злавіў, Ці перуны насьмерць спалілі? Што мне з жыцьця, калі яго Ня будзе ўжо з кім каратаці? Жыцьцё і сьвет тады — ня сьвет, I сам ня свой у сваёй хаце. Палац з брыльянтаў; сотні слуг Хай за цябе паложаць грудзі, — Бяз ласкі — з слугамі палац Астрогам, пусткай вечнай будзе. З падружкай мілаю і лес — Як найбагатшы стане хорам… Няма яе — няма жыцьця, Усё — адной няўцехай, горам».