Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 81

Янка Купала

На Дзяды

Хто там стогне так на ўзьмежку,         На капцы у полі? Як згубіўшы к долі сьцежку,         Як ня знаўшы долі. Ці там вецер водзіць гулі         Так па самагубе, — Бы сваё дзіцё матуля         Песьціць ды галубе? Ці над бацькаўскай магілай         Жаліцца сіротка, Ці сваёй шукае мілай         Хлопец-адзінотка? Ой, не плача брат над братам         На мяжы кургана, А бядуе так душа там —         Зьвязана, скавана. Хто умее слухаць, можа         Шмат пачуць чаго там; Як прычытвае, нябожа,         Бы Лазар пад плотам. Не жылося мне даўней так         (Льецца гэткі голас), Не такі мой быў палетак,         Іншы меў ён колас. Шла мая ў даль дзіва-сіла,         Як бы хвалі Нёмну; На касе сваёй насіла         Княжацку карону. Ніў маіх ніхто б ня зьмерыў,         Не зьлічыў сялібаў; Мела ў пушчах многа зьвера,         Многа ў водах рыбы. Засядала, расьцьвітала         За гадамі годы; Залатыя думкі ткала         З шчасьця і свабоды. Мелі страж гранічны вехі;         Гадавала дзетак І чакала зь іх пацехі,         Як вясною з кветак. Трох сыноў дала судзьбіна         Да майго парога, А такія — сын у сына,         Як нідзе, ні ў кога! Іх пясьціла, як умела,         Ласкаю вясёлай; Красак, сонца не жалела         Я для іх, саколаў. І расьлі яны, расьлі так,         Мае княжаняты, На багацьце, на прыбытак,         На вось тое сьвята. Як са мною будуць разам         Жыці, панаваці, Славы быць жывым абразам         У людзей і ў хаце… Бегам беглі дні і ночкі,         Леты за лятамі… I павырасьлі сыночкі         Самі, як ня самі, Як дубы у полі чыстым,         Як сасонкі ў боры, Як у небе абадзістым         Тыя сьвечкі-зоры, — Так магутны, яснасьветны         На пагляд былі ўсе, Хоць да бою з апраметнай…         Ажна сьвет дзівіўся! Ды ўдаліся, ой, сынкі мне         Не аднэй натуры, Як бы тыя ноткі ў гімне         Цішы і віхуры. Працавітага быў першы         Складу і нагібу, Так, здаецца, што й памершы         Ўсё араў, касіў бы. За другім была ахвота         К лежні, к панаваньню; За чужой бы жыў работай,         Спаў бы да зьмярканьня. Трэйці ўсіх бы толькі мучыў —         Склад меў быці катам, З паганякаю на ўзруччы         К зьдзекам быў заўзятым. Вось такой натуры, складу         Ў іх я дачакала; На дарма, як мёд-прынаду,         Думка ў думку ткала. Не прышлось мне жыць на сьвеце         Ў славе і дастатку: Загубілі родны дзеці,         Загубілі матку. I сярэдні, і малодшы,         Родныя дзяціны, Як мая — пайшлі к салодшай         Ласцы без прычыны. Ў сьвет збрылі чужы дзівіцца,         Гнуць у ёрмы шыі… I ўтапілі ў чужаніцы         Душы маладыя. Заставаўся толькі старшы         Гаспадарыць дома, Бо ад тых быў гаспадаршы,         Хоць быў ў іх за лома. Заставалася адна я         Сын адзін са мною Як той путнік на расстаі,         Летам і зімою. Сяк ці так, жылось паволі         Ў палавіне з горам — Тым у хаце, тым на полі,         А другім за морам. Аж дакучыла, знаць, далей         Недзе так бадзяцца, І сынкі зьбірацца сталі,         Ззадалёк вяртацца. Як прыйшоў дамоў сярэдні,         Выглядаў багата, Й не пазнаў, як зьвер пасьледні,         Ні мяне, ні брата. Ў плуг запрог свайго браточка         Навек, да скананьня, А мяне асеньняй ночкай         Выгнаў на бадзяньне. Як дамоў вярнуўся меншы,         Сьвету як увідзеў, — Аказаўся дасьціпнейшы,         Чым сярэдні, ў крыўдзе. Над старэйшым братам ставіў         Стражы і запоры, Цела ранамі крывавіў,         Зьдзекаваўся ў горы. Зьдзек і далей строіць дай жа,         Ласку з сэрца выжыў: Суд судзіў, што я — ня я ўжо,         І расьпяў на крыжы. Так мая краса завяла       I маёй сялібы! Ліхата апанавала         І капцы, і скібы. Адплацілі роднай матцы         Княжаняты-дзеці: Відмай кінулі бадзяцца,         Сіратой гібеці. Ходзяць, гоняць сухавеі         Праўданьку сьвятую; Брата брат не разумее,         Брата брат катуе. Я на гэтым на кургане         Ўсё сяджу і плачу, Усё чакаю зьмілаваньня,         Дый ніскуль ня бачу. Ці апомняцца сыночкі         У сваёй правіне? Ці загінудь сярод ночкі,         Што і сьлед загіне?.. Стогнуць ветрам калыханы         Ліпы ды бярозы, А ноч сее скрозь туманы         Золь, слату, як сьлёзы. Лапацяць крыламі жудка         Кажаны, начніцы, Як бы суд спраўлялі тутка         Ведзьмы-чараўніцы. А душа сама — бяз хаты,         Знаць, зь вялікай мукі То зрывае зь сябе шаты,         То ў крыж зложыць рукі, То паказвае на плечы,         То капец абойме… Бог яго усё дарэчы         Зразумее, пойме! Можа, зь іншага хто краю         Скеміў бы сумленьне, Што яна там вычварае         З жалю і цярпеньня. То нам кажа ночкай цёмнай         На мяжы ў пракляцьці, Як Дзяды ў нас векапомны         Стануць адпраўляці.